ЕС пагадзіўся адкласці брэкзіт да 31 кастрычніка

11/04/2019 - 06:01

ЕС пагадзіўся адкласці брэкзіт да 31 кастрычніка. Такое рашэнне на экстраным саміце прыняў Еўрапейскі савет, інфармуе “Бі-Бі-Сі”. У адваротным выпадку Вялікабрытанію ў канцы тыдня чакаў бы “жорсткі брэкзіт” — выхад з Еўрасаюза без адпаведнага пагаднення.

Вялікабрытанія можа не чакаць канца кастрычніка і фармальна выйсці з ЕС раней. Для гэтага Палата абшчын павінна ратыфікаваць шматпакутнае пагадненне, якое яна ўжо тройчы адрынула. У гэтым выпадку выхад адбудзецца ў першы дзень месяца, наступнага за тым, у які адбудзецца ратыфікацыя.

Старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск лічыць, што “брытанскія сябры” атрымалі “дастаткова часу, каб знайсці найлепшае рашэнне”. Ён параіў ім не марнаваць час. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй у чарговы раз паабяцала, што пастараецца ў самы бліжэйшы час дамагчыся ўхвалення парламентарамі праекта пагаднення з ЕС. Аналітыкі прапануюць самыя разнастайныя варыянты развіцця падзей, а сярод іх і змену прэм’ера, прыход на месца Мэй радыкальнага прыхільніка разрыву з Бруселем.

Дарэчы, дата 31 кастрычніка невыпадковая — 1 лістапада пачнуць дзейнічаць паўнамоцтвы новай Еўракамісіі. Яе цяперашні склад мае намер канчаткова вырашыць праблему брэкзіту.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі