Школа / Еўрарадыё
— Можна колькі хочаце перакройваць Кодэкс, але пакуль не будуць вырашаны банальныя пытанні інфраструктурнага развіцця і ўтрымання ўстаноў адукацыі, нагрузкі педагогаў і годнай аплаты работнікам іх працы, нічога не зменіцца ў сістэме адукацыі, — упэўнены экс-работнік Мінадукацыі, кіраўнік праекта "Народны падручнік" і фінансавы дырэктар "Прэс-клуба" Сяргей Альшэўскі.
У эфіры Еўрарадыё эксперт падзяліўся меркаваннем пра змены ў Кодэксе аб адукацыі і актуальныя праблемы ў гэтай сферы.
Той факт, што нядаўна Качанава ў Жыровічах закрыла беларускамоўную школу, сведчыць пра тое, што адна з самых вялікіх праблем у беларускай сістэме адукацыі — гэта падвойнае, патройнае, невядома якое супадпарадкаванне і перападпарадкаванне ўстаноў адукацыі. Адсутнічае адзіны цэнтр прыняцця рашэнняў. Хто заказчык адукацыі на самай справе? Дзяржава або бацькі дзіцяці?
У Кодэксе аб адукацыі бягучай версіі ёсць, напрыклад, палажэнне аб уступных выпрабаваннях, некаторыя палажэнні зацвярджаюцца прэзідэнтам. І вось у новай рэдакцыі Кодэкса таксама гэтая функцыя аддадзена прэзідэнту. Уявім: пачатак новай уступнай кампаніі і прэзідэнт такі вырашае: "А якія б выпрабаванні прыдумаць?"
Гэта значыць, нават у такіх дробязях яны не аддаюць усе паўнамоцтвы ў адзіны цэнтр кіравання, а тое, што нявыгадна, спіхваюць на каго-небудзь, а тое, што проста і не цягне ніякай адказнасці, бяруць на сябе. Да таго часу, пакуль не будзе дакладнай празрыстай канцэпцыі, пакуль не будзе адназначна прынятае рашэнне, хто вызначае змест навучальнага працэсу, нічога не зменіцца.
Там шмат змен. Менш за ўсё яны закранулі дзіцячыя садкі, а па астатніх сферах чыноўнікі значна прайшліся.
Яны ўводзяць новую норму пра абавязковасць агульнай сярэдняй адукацыі, гэта значыць да 18 гадоў дзеці павінны будуць вучыцца ў школе. Калі раней трэба было, умоўна кажучы, адвучыцца 9 класаў. На мой погляд, гэта выкліча кучу пытанняў і праблем.
Я б не сказаў, што змены робяцца пад нейкага аднаго чалавека. Мне здаецца, ёсць праблемныя пытанні, якія трэба неяк урэгуляваць без глыбокага сістэмнага аналізу, альбо схаваць, альбо замаўчаць.
Я быў прыемна здзіўлены з'яўленнем адной нормы — аб камісіі па вырашэнні канфліктаў, якую можна будзе ствараць ва ўстановах адукацыі. Рашэнне можна будзе аспрэчыць у вышэйшай інстанцыі альбо ў судзе.
Гэта значыць, прынамсі ў гэтай рэдакцыі Кодэкса мы прызнаем, што ў беларускай сістэме адукацыі вельмі часта адбываюцца канфлікты, а інструментаў для іх вырашэння фактычна няма.
Ёсць здагадка, што ў цэлым змены не прывядуць ні да чога добрага і не вырашаць тыя праблемы, якія ёсць.
Можна колькі хочаце перакройваць Кодэкс, але пакуль не будуць вырашаны банальныя пытанні інфраструктурнага развіцця і ўтрымання ўстаноў адукацыі, нагрузкі педагогаў і годнай аплаты работнікам іх працы, нічога не зменіцца ў сістэме адукацыі.
Што да новага Кодэкса і працы настаўнікаў, то я не назіраю дадатковай свабоды. Гэта якраз такое закручванне гаек, дадаванне ўсялякіх стандартаў, абмежавальнікаў, якія і так старэйшых настаўнікаў прымушаюць баяцца зрабіць нешта не так.
Я не ведаю, ці ёсць нейкі пункт кіпення ў настаўнікаў, дзе ён знаходзіцца і што павінна адбыцца. Калі вырашылі павялічыць нагрузкі для настаўнікаў, фактычна я не назіраў ніякай рэакцыі.
Напэўна, тут нейкае даследаванне варта было б правесці, каб зразумець, што паслужыць тым фактарам для "кіпення".
Напэўна, фінансавы. Да тых часоў, пакуль ёсць нейкія фінансы, якія дазваляюць забяспечыць базавыя патрэбы, да тых часоў не будзе змен.
У бягучай сістэме адукацыі я б не змог працаваць, таму што ўсё, што адбываецца, — без пачуцця свабоды, без пачуцця творчасці. Працаваць ва ўмовах, калі выдаткі працы не адпавядаюць фінансаваму ўзнагароджанню...
Для мяне ўжо бягучая сітуацыя недапушчальная, але для ўсіх астатніх чамусьці гэта ўмовы, у якіх яны здольныя і гатовыя заставацца далей.
Ім трэба для сябе адказаць: колькі яшчэ часу яны змогуць знаходзіцца ў такіх умовах, колькі часу яны змогуць выкладаць у класах па 30-35 чалавек, колькі часу яны будуць вадзіць дзяцей на ўсякія масавыя мерапрыемствы ў складаных эпідэміялагічных умовах, колькі часу яны яшчэ будуць праводзіць класныя гадзіны і расказваць тыя факты, якія ім самім не падабаюцца.
Новая норма, якую замацуюць, — гэта забарона бацькам умешвацца ў навучальны працэс. Але гэта як? Калі мне як аднаму з бацькоў нешта не падабаецца, то чаму я не магу сказаць, што мне гэта не падабаецца і я не хачу, каб гэта адбывалася?
У новай рэдакцыі Кодэкса мы, можа, паспрабавалі б вырашыць гэта праз камісію па вырашэнні канфлікту. Але, зноў-такі, неўмяшанне бацькоў у навучальны працэс, на мой погляд, супярэчыць Кодэксу аб сям'і і шлюбе, дзе сказана, што адказнасць за выхаванне дзяцей нясуць бацькі. Атрымліваюцца такія ўзаемныя супярэчнасці. Як яны бачаць дзеянне гэтай нормы? І для чаго яна прымаецца?
Выхаваннем дзяцей усё роўна займаюцца бацькі. І гэта можа пацягнуць за сабой канфлікты ў далейшым. Напрыклад, для маёй сям'і асоба Сталіна — гэта досыць адназначная асоба, якая мае негатыўную афарбоўку.
Калі паглядзець, напрыклад, на тое, што для школы актыўнага грамадзяніна (гэта дадатковая класная гадзіна, якая праводзіцца ў рэспубліканскіх маштабах) выносяцца цытаты Сталіна, то гэта будзе выклікаць канфлікты. Таму што дзеці будуць не згаджацца з нейкімі рэчамі, якія ім навязваюць.
Гэта значыць, альбо ты ў школе павінен быць моцным і не ўнікаць наогул у гэта ўсё, займацца толькі вучэбнымі прадметамі, альбо ў цябе будуць паўставаць канфлікты.
У школе мы павінны дзяцей проста вучыць, а выхоўваць павінны бацькі так, як яны лічаць гэта патрэбным. І бацькі нясуць за гэта адказнасць.
Маім дзецям не трэба казаць, што Сталін — добры чалавек, не трэба прыводзіць яго цытаты пра вайну матораў, таму што мая прабабуля хавала і дзяцей, і мужоў сваіх, знаходзячыся ў высылцы ў Казахстане і рукамі капаючы зямлянку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут