Дзяўчыну з Оршы аштрафавалі за стрым у "Аднакласнікі"

11/04/2017 - 16:25

Валанцёрку аршанскага сацыяльнага праекта "Хрюши против" Юлію Гранкову аштрафавалі за стрым у "Аднакласнікі". Суд палічыў сацсетку сродкам масавай інфармацыі, Юлію — журналісткай, а жывую трансляцыю, якую дзяўчына вяла з прытулку для бяздомных сабак, — незаконным вырабам і распаўсюдам прадукцыі СМІ. 

Гэтая гісторыя пачалася 21 сакавіка. Юлія і яшчэ шэсць валанцёраў наведалі аршанскую аўтабазу, на якой абсталяваны прытулак для бяздомных жывёлаў.

"Я пачала здымаць відэа і трансляваць у "Аднакласнікі", каб знайсці гаспадароў для жывёлаў, якія там былі. Бо ў мяне, напрыклад, няма магчымасці забраць сабаку з прытулку — я жыву ў аднапакаёўцы з двума дзецьмі. Мы адразу вырашылі, што забярэм сляпога і худога сабаку, але ў нас гэта не атрымалася, бо, пакуль я здымала, прыйшлі міліцыянты. Што праўда, пасля, калі мы далі абвестку, усіх сабак з прытулку забралі", — распавядае Еўрарадыё Юлія Гранкова.

У той вечар дзяўчыну разам з яшчэ трыма валанцёрамі забралі ў аддзяленне міліцыі. На наступную раніцу адбыўся суд. За незаконнае пранікненне на аб'ект, што знаходзіцца пад аховай, Юлію асудзілі на 25 базавых велічыняў штрафу, за супраціў міліцыянтам (валанцёрка адмовілася спыніць трансляцыю) — яшчэ на 3 базавыя велічыні. Яшчэ адно абвінавачанне датычылася самога факта відэатрансляцыі.

"Суд па гэтай справе мусіў адбыцца ў той жа дзень, але пазней, у тры гадзіны. Я не магла на ім прысутнічаць і папярэдзіла пра гэта, а мне адказалі, што мне патэлефануюць і скажуць, калі трэба прыйсці. Але ў выніку суд прайшоў без мяне — я даведалася пра гэта толькі ў пачатку мінулага тыдня, калі звярнулася па дакументы па першым працэсе", — працягвае Юлія Гранкова.

Дзяўчыну завочна судзілі па артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса — незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Карыстаючыся гэтым артыкулам, улады пераследуюць рэпарцёраў і аператараў тэлеканалу "Белсат", які не мае акрэдытацыі ў Беларусі. Але Юлія кажа, што ніколі не працавала ў сродках масавай інфармацыі

Тым не менш, суд палічыў яе журналісткай, а "Аднакласнікі" — СМІ. Гэта першы прысуд у Беларусі за стрым у сацсеткі. Трансляцыя з прытулку для бяздомных сабак будзе каштаваць дзяўчыне 20 базавых велічыняў, то бок 460 рублёў. 

Фрагмент судовай пастановы па справе Юліі Гранковай

Агулам валанцёрка апынулася вінная дзяржаве 1058 рублёў. Зараз яна рыхтуе скаргі на пастановы суда.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі