Дзмітрый Каранкевіч: мне пагражалі расправай, трымалі ў адзіночнай камеры

26/10/2021 - 12:53

Дзевяць гадзін бесперапыннага допыту, восем дзён у адзіночнай камеры, пастаянныя пагрозы фізічнай расправы, пагрозы сям'і і псіхалагічны ціск з боку міліцыі і спецслужбаў — усё гэта давялося вынесці Дзмітрыю Каранкевічу, які падтрымліваў пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі.

Сёння Дзмітрый і яго жонка ў бяспецы ў Літве, спрабуюць знайсці сябе ў літоўскім грамадстве і пабудаваць новае жыццё. Ён і яна спадзяюцца, што іх Радзіма калі-небудзь зноў стане свабоднай, у людзей з'явіцца права выбраць прэзідэнта, права выбраць, што слухаць, што рабіць, права працаваць не за капейкі, права на шчасце. Тэкст падрыхтаваны дзякуючы падтрымцы Пулітцэраўскага цэнтра асвятлення крызісаў.

Чаму вы далучыліся да пратэстоўцаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі?

У траўні мінулага года я далучыўся да штаба кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Віктара Бабарыкі і пачаў збіраць подпісы ў яго падтрымку. Таксама я запісаўся ў незалежныя назіральнікі на сваім выбарчым участку, і з гэтага моманту я ўжо не змог спыніцца і працягнуў свой шлях у пратэставым руху. Я стварыў тэлеграм-канал, у якім расказваў пра тое, што адбывалася ў нашым горадзе, заклікаў людзей працягваць супраціўляцца рэжыму, расказваў пра тое, што працягваецца супраціў, расказваў пра злачынствы сілавікоў.

У вас і іншых беларусаў была мара, што Лукашэнка сыдзе?

Мы не марылі, у нас была надзея. На што? На тое, што зменіцца ўлада і мы абяром таго чалавека, якога захочам.

Як выглядалі выбары?

Незалежных назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі не дапускалі, не давалі магчымасці нават збоку назіраць за ходам выбарчай кампаніі. Максімум, што ўдалося зрабіць мне, — гэта на працягу трох гадзін назіраць за тым, як праходзілі выбары: кабінкі не завешваліся, больш за тое, гэта нават немагчыма было зрабіць, таму што шторкі былі замацаваныя, людзі спрабавалі закрывацца, але не маглі гэта гэтага зрабіць. Таемнасць галасавання была парушаная цалкам.

Калі вы трапілі ў поле зроку сілавых структур рэжыму?

10 лістапада да мяне прыйшлі да майго прыватнага дома, супрацоўнікі ДАІ пачалі стукаць у плот і паведамілі, што нібыта паступіла скарга на машыны, прыпаркаваныя ля майго дома, я падышоў бліжэй да выхада з майго ўчастка, у гэтым момант да мяне падскочыла двое чалавек, без формы, у цывільным адзенні. Не прадстаўляючыся, яны заламалі мне рукі і вывелі з двара і закавалі ў кайданкі, хоць ніякага супраціву не аказваў.

Адразу пасля затрымання мяне завялі ў дом і пачалі ператрус, у нейкі момант мяне пачалі запалохваць, пры гэтым прысутнічала мая цяжарная жонка. Адзін з мужчын паведаміў, што ён супрацоўнік ГУБАЗіК (Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. — Рэд.), дакументаў пры гэтым ён ніякіх не прад'явіў, гэты чалавек сказаў мне "зараз мы цябе завязём у лес". Такія словы прадугледжваюць, што з чалавекам у лесе — ці куды б яго ні завезлі — могуць зрабіць усё што хочаце, і ніхто пра гэта нічога не даведаецца. Груба кажучы, мне пагражалі расправай.

Як на гэта адрэагавала жонка?

Яна была напалоханая і шакаваная.

Што адбылося пасля затрымання і ператрусу?

Мяне пасадзілі ў легкавы аўтамабіль і даставілі ў РУУС (раённае ўпраўленне ўнутраных спраў міліцыі. — Рэд.) Салігорска, дзе на працягу васьмі ці дзевяці гадзін без перапынку адбываўся мой допыт. Мне не далі магчымасці ні адпачыць, ні папіць вады, ні схадзіць у прыбіральню, пытанні бесперапынна змяняліся пагрозамі, і так працягвалася гадзіну за гадзінай. У часе допыту яны пагражалі маёй жонцы і дачцэ, каб прымусіць мяне расказаць усё, што я ведаю, і каб я пачаў з імі актыўна супрацоўнічаць і выдаваць людзей.

Допыт скончыўся тым, што мяне на дзве гадзіны кінулі ў адзіночную камеру памерам метр дваццаць на метр пяцьдзесят, так званы стакан. Памяшканне з бетону, з бетоннай лавачкай, на якой праз холад немагчыма было сядзець.

Што было далей?

Мяне перамясцілі ў камеру ізалятара часовага ўтрымання, хоць камера была разлічана на восем чалавек, знаходзіўся я там адзін. У памяшканні было холадна, таму што была адкрыта фортачка, зачыніць якую з камеры немагчыма — праз краты. З іншага боку, у нейкай ступені гэта згуляла мне на руку, таму што камера была апрацавана хлёркай да такой ступені, што ў ёй немагчыма было дыхаць. Хлор выядаў вочы і лёгкія! Дзякуючы таму, што фортка была адчыненая, я практычна ўсю ноч пад ёю і правёў. Так прайшла ноч, у 6:00 раніцы на ўсю катушку ўключылі гімн Беларусі, потым проста ўключылі музыку. На поўную магутнасць радыё працавала да самага вечара.

На другі дзень мяне зноў выклікалі на допыт, які працягваўся гадзіны дзве, у часе допыту мяне зноў спрабавалі прымусіць супрацоўнічаць, і я вырашыў пайсці на хітрасць: зрабіць выгляд, што згаджаюся — пры гэтым я нікога не выдаў, але абяцаў, што буду супрацоўнічаць, калі апынуся на волі. На маю ўдачу, мая хітрасць удалася — спецслужбы паверылі, што я гатовы з імі супрацоўнічаць. Мяне прымусілі запісаць відэа, у якім я расказаў пра тое, што вёў тэлеграм-канал, і звярнуўся да людзей з просьбай не займацца такой дзейнасцю. Думаю, што большасць беларусаў разумее, што гэта было зроблена па прымусе ў сілу пэўных абставінаў.

Пасля допыту мяне адправілі ў іншую камеру, двухмесную, але я таксама ў ёй знаходзіўся адзін. У камеру да мяне закінулі рэчы, па якіх поўзалі вошы, калі я папрасіў прыбраць гэтыя рэчы, у адказ пачуў "няхай ляжаць там". Каб вошы не распаўзліся па камеры, я ўсё гэта рыззё закінуў у рукамыйніцу і паступова вымываў паразітаў. У адзіночнай камеры я правёў восем сутак, але не запар, бо да мяне перыядычна "падсялялі" розных людзей. На працягу дванаццаці дзён мне забаранялася з 6:00 раніцы і да 22:00 вечара знаходзіцца на ложку альбо ляжаць. Гэта значыць, я мог альбо сядзець на крэсле, альбо хадзіць па камеры. Увогуле ж у зняволенні я правёў васямнаццаць дзён.

За парушэнне забароны ляжаць на нарах у дзённы час сутак пагражалі якія-небудзь санкцыі?

Асабіста я гэтую забарону не парушаў, але пазней я даведаўся, што было з тымі, хто яе парушыў. Людзей у лёгкім адзенні выганялі на некалькі гадзін у турэмны двор, а паколькі, нагадваю, справа была восенню, у лістападзе — пасля такой прагулкі пачыналіся сур'ёзныя праблемы са здароўем.

Як сям'я адрэагавала на ваша вяртанне?

З радасцю, таму што яны не чакалі, што мяне адпусцяць.

Чаму вы прынялі рашэнне з'ехаць з Беларусі?

Свабодным я быў часова, рана ці позна па мяне зноў бы прыйшлі, да таго ж я не хацеў працаваць на рэжым, паведамляць пра людзей у органы бяспекі. З'ехаць я вырашыў таксама і таму, што на жонку і на дачку ўлады пачалі псіхалагічна ціснуць, жонцы пагражалі тым, што адбяруць дзіця, у далейшым маглі адабраць дзіця, якога яна мела намер нарадзіць. Мы прынялі рашэнне: як толькі жонка пакідае тэрыторыю Беларусі, я таксама еду да яе. І вось я тут, у Літве.

Якія пачуцці ў вас выклікае ваша Радзіма, Беларусь?

Пачуццё небяспекі, трывогі за тых блізкіх людзей, якія ў сілу тых ці іншых абставінаў працягваюць там заставацца. Ці хацеў бы я вярнуцца? Пакуль ва ўладзе застаецца Лукашэнка, для мяне гэта небяспечна, а так — так... вядома, хацелася б.

Што б вы хацелі сказаць Лукашэнку?

Табе пара сыходзіць.

Вітольд Янчыс

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі