Падпольная тытунёвая фабрыка / strazgraniczna.pl
Міжнародную злачынную групу, якая займалася падпольнай вытворчасцю тытунёвых вырабаў, затрымалі ў Польшчы. Дзейнічала яна ў Паморскім і Мазавецкім ваяводствах, паведамляе прэс-служба польскіх памежнікаў.
У Паморскім ваяводстве памежнікі выявілі вытворчую лінію для вырабу і сушкі тытуню, а таксама для вытворчасці і ўпакоўкі цыгарэт. Тут было канфіскавана больш за 4 млн кантрафактных цыгарэт розных марак, больш за 4,7 тоны тытунёвай рэзкі, а таксама амаль 12,1 тоны тытунёвай сушанай сыравіны.
Кошт канфіскаванай прадукцыі ацэньваецца больш як на 9 млн злотых (2,4 млн долараў). Страты ад нявыплачаных акцызаў, калі б тавар трапіў на рынак, ацэненыя ў 25,2 млн злотых (6,8 млн долараў).
Пры ператрусе на складзе ў Мазавецкім ваяводстве памежнікі выявілі фільтры і абгорткі для цыгарэт.
Падчас расследавання былі затрыманыя 12 удзельнікаў групы. Гэта дзесяць грамадзян Беларусі, адзін грамадзянін Латвіі і адзін — Польшчы. Усіх іх узялі пад варту на тры месяцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут