"Дзе дарогі, с*кі?": жыхары Гарадка дамагаюцца ва ўладаў рамонту вуліц

11/11/2019 - 05:53

Жыхары Гарадка на Віцебшчыне ўжо некалькі гадоў дамагаюцца, каб мясцовая адміністрацыя адрамантавала дарожнае пакрыцце на вуліцы Талкачова, піша "Віцебскі кур'ер".

Дарога на вуліцы сапраўды нагадвае рэшата з ям. 

Па словах мясцовых жыхароў, у 2014 годзе Гарадок павінен быў прыняць 19-я рэспубліканскія "Дажынкі". Аднак Аляксандр Лукашэнка адмяніў фестываль, і "Дажынкі" па ўсёй краіне сталі рэгіянальнымі. Пакуль фэст не адмянілі, паспелі парамантаваць дарогі ў цэнтры горада, а ў іншых раёнах — не.

Цяпер гараджане пішуць скаргі ў Гарадоцкую ЖКГ ды рэгулярна кантактуюць з чыноўнікамі надпісамі на платах і сценах. Камунальнікі зафарбоўваюць надпіс "Дзе дарогі, с*кі?", але ён упарта з'яўляецца зноў. 

Акрамя жахлівых дарог гараджане наракаюць на рэдкі вываз смецця. "Мала таго, што ў нас дарога такая, дык яшчэ смецце не вывозяць тыднямі. Кажуць, што няма бензіну", — распавядаюць людзі.

8 лістапада паламалася глыбінная помпа, і вялікая колькасць дамоў засталася без вады. Пітную ваду прывозяць у цыстэрнах, а па тэхнічную даводзіцца хадзіць да старога калодзежа, бо амаль усе калонкі зачыненыя на ключ. Для рамонту помпы з Віцебска прыгналі кран грузападымальнасцю 20 тон, але ён не змог пад'ехаць да вежы і затрымаўся на неасфальтаваным участку дарогі. Таму тэрміны рамонту застаюцца невядомымі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі