Дырэкцыя БелАЭС пацвердзіла інцыдэнт падчас перавозкі новага корпуса рэактара

27/12/2016 - 09:21

26 снежня на сайце "Хартыя 97" са спасылкай на жыхара Талачынскага раёна з'явілася інфармацыя пра інцыдэнт з новым корпусам рэактара для БелАЭС. Крыніца сцвярджала, што корпус мог атрымаць пашкоджанні падчас перавозкі па чыгунцы, таму што закрануў апору кантактнай сеткі.

Днём 27 снежня у Дырэкцыі будаўніцтва БелАЭС у размове з Еўрарадыё гэтую інфармацыю пацвердзілі часткова. Па словах супрацоўнікаў прэс-службы Дырэкцыі, інцыдэнт на чыгунцы насамрэч адбыўся, аднак дробныя пашкоджанні атрымаў не корпус рэактара, а ахоўны металічны транспартны кажух.

"26 снежня 2016 года падчас выканання манеўровых аперацый на станцыі Слаўнае Беларускай чыгункі ў негабарытным месцы адбыўся нязначны дотык ахоўнага металічнага транспартнага кажуха звышгабарытнага грузу (корпуса рэактара для Беларускай АЭС) аб апору кантактнай сеткі. Пашкоджанняў на корпусе рэактара не выяўлена. Парушэння графіка руху цягнікоў не было. Груз накіроўваецца далей па ўстаноўленым раскладзе", ― гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Дырэкцыі будаўніцтва БелАЭС.

Папярэдні інцыдэнт з ужо дастаўленым на будаўнічую пляцоўку корпусам рэактара адбыўся ў ліпені ― шматтонная металічная канструкцыя "саслізнула на грунт" з вышыні некалькіх метраў. Пра інцыдэнт афіцыйна не паведамлялася некалькі тыдняў, аднак у выніку дзякуючы публікацыям у СМІ, "Расатам" прызнаў, што здарэнне адбылося насамрэч, а беларускі бок выказаў жаданне замяніць корпус рэактара на новы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі