Два гады калоніі і штраф — за што пакаралі маці дваіх непаўналетніх дзяцей

17/11/2021 - 11:03
Ірына Гарашына з дачкой Ізабелай / архіў

"Харошы, вельмі добры чалавек. Адной дачцэ 16 гадоў, другой — сем. Таленавітая: калі бярэцца нешта рабіць — заўсёды даводзіць да канца", — расказвае Еўрарадыё Валянціна, мама асуджанай на два гады калоніі Ірыны Гарашынай.

35-гадовую мазыранку пасадзілі за заклікі выходзіць на вуліцы пасля выбараў і... фатаграфію міліцыянера. Да таго ж выпісалі ёй штраф 50 базавых.

Па просьбе пацярпелага супрацоўніка міліцыі суд па Гарашынай зрабілі закрытым. Нават праваабаронцы, якія імкнуцца ўважліва сачыць за пасяджэннямі па палітычных справах, не могуць расказаць пра крымінальны пераслед гэтай маладой мамы амаль нічога.

Вядома, што Ірына была затрыманая яшчэ 23 жніўня за тое, што пакідала каментары ў тэлеграм-канале "Мозырь 97", які прызналі "экстрэмісцкім". Да таго ж яе абвінавацілі ў "арганізацыі масавых беспарадкаў".

"Я прашу адваката: дайце прысуд суда, адвакат кажа: не маю права, таму што суд быў закрыты", — абураецца маці Ірыны.

У інтэрв'ю Еўрарадыё жанчына расказвае пра дачку, а таксама пра тое, з якімі праблемамі сутыкнулася яе сям'я за апошнія месяцы. Таксама суразмоўніца гаворыць пра тое, як змяняецца стаўленне народа да кіраўніка краіны, які трымаецца за сваю ўладу ўжо 27 гадоў.

Ірына / архіў

Валянціна: Дачка атрымала юрыдычную адукацыю, але працавала дызайнерам. Яна выдатна фатаграфуе. Яна вельмі перажывала праз падзеі, якія адбываліся ў Беларусі пасля выбараў. Памятаю, неяк прыходзіць і кажа: "Мама, асудзілі такога хлопца — добрай душы чалавек! Ну як гэта так?" Яму далі ці пяць, ці сем гадоў. Яна была такая засмучаная, сказала, што маўчаць нельга.

Стала выходзіць з сябрамі на вуліцы, хадзілі на плошчу, ездзіла на машыне і распаўсюджвала "Народную волю". Ганялі, але затрымалі толькі адзін раз ненадоўга за газету. Ну а што? Выданне афіцыйна прадавалася ў кіёсках "Белсаюздруку".

Потым уступіла ў нейкі канал, заклікала людзей выходзіць і не маўчаць. Сфатаграфавала міліцыянера, які ў Мазыры кагосьці пабіў.

Потым Іру вылічылі праз інтэрнэт, і ёю занялося КДБ. Прыйшлі дадому з ператрусам, забралі тэлефон, улезлі ў інтэрнэт, пакалупаліся. Потым прыехалі зноў. Забралі ноўтбук.

Выклікалі ў Гомель, дапытвалі. 24 жніўня гэтага года зноў патэлефанавалі і сказалі прыехаць па тэлефон. Яна прыехала, а на яе кайданкі надзелі і пасадзілі: спачатку на тры гадзіны, потым на трое сутак — і вось два гады турмы. Адваката яна на першым часе не брала, таму што наогул не чакала, што пасадзяць. Сфатаграфавала і сфатаграфавала, заклікала і заклікала — што тут такога?

 

Еўрарадыё: З дня затрымання прайшло некалькі месяцаў. Ці была ў вас магчымасць бачыцца з дачкой, што яна піша ў лістах?

Валянціна: Мы наогул з ёй не размаўлялі. Іра сядзела спачатку ў Мазыры, потым у СІЗА №3 у Гомелі. Я яе ўбачыла толькі на судзе: усяго некалькі хвілін, калі зачытвалі пастанову, якой ніхто не пачуў і не зразумеў. Карацей, бачыцца нам не давалі, чакаю спаткання.

У лістах яна расказвае, што піша кнігу пра сваё жыццё, каб не з'ехаць з глузду. Думала пазней гэтым заняцца, але, відаць, прыйшоў час. Так, яна ж у мяне яшчэ і піша: вершы складае, дасылае і мне, і тату. А так, як можа, падтрымлівае.

Памятаю, пісала: "Не хвалюйцеся, я ўсё роўна вярнуся дадому. Гэта з таго свету не вяртаюцца, а я ў вас усё-ткі здаровая і моцная. Многія са мной бы памяняліся месцамі. Не хвалюйцеся і не плачце, таму што вас шмат, а я адна".

Я не ведаю, ці пашкадавала яна пра тое, што выходзіла на вуліцы або пісала там нешта ў інтэрнэце. Ведаю, што адзінае, пра што шкадуе, — тое, што дзеці засталіся без яе.

Ірына / архіў

Еўрарадыё: Хто цяпер глядзіць дзяцей? Як яны рэагуюць на сітуацыю?

Валянціна: Раней дзеці жылі разам з мамай у сваёй кватэры, прыязджалі ў госці. Цяпер іх даглядаю я. Да нас ужо прыходзілі ацаніць умовы, у якіх жывём. Усё ў парадку, пытанняў не было. У старэйшай унучкі тут бацька, з ёй сітуацыя прасцейшая.

Каб малодшую не забралі ў прытулак, мне трэба атрымаць дазвол ад яе таты, які працуе ў Амерыцы. Вось жа пакуль я маю права даглядаць яе шэсць месяцаў. Дачка таксама ездзіла ў Амерыку, потым зяць угаворваў, маўляў, рабі візу і пераязджайце, але яна вырашыла, што дома лепш. Ён, вядома, перажывае і спачувае.

Карацей, у меншанькай цяпер побач няма ні мамы, ні таты. Яна ўвесь час пытаецца: "Што такога зрабіла мая мама, што яе пасадзілі? Калі яна вернецца?" Я адказваю, маўляў, знойдзе мама філасофскі камень і абавязкова прыйдзе.

Старэйшая разумее, што ўсё адбылося праз палітыку, і верыць, што мама ўсё роўна вернецца. З малодшай мы стараемся менш гаварыць на гэтую тэму, каб дзіця не засмучалася: яна пачынае замыкацца ў сабе. 

 

Еўрарадыё: Няўжо двое непаўналетніх дзяцей — не падстава змякчыць пакаранне за фатаграфію і запісы ў тэлеграме? Вы да каго-небудзь звярталіся?

Валянціна: Вядома. І характарыстыку прыносілі, што ніколі не было ніякіх канфліктаў, што не была судзімая, што яе чакаюць на працы; і даведку з месца жыхарства пра тое, што выхоўвае адна дзяцей. Нічога не паўплывала на тое, каб хоць бы ёй далі два гады хатняй хіміі, а не адправілі ў калонію, каб магла быць дома з дзецьмі.   

Так, дарэчы, я спрабавала дамовіцца, каб яе выпусцілі да суда пад заклад. Мне ў гэтым было таксама адмоўлена.  

 

Еўрарадыё: У школе, дзе вучыцца старэйшая дзяўчынка, настаўнікі задаюць пытанні?

Валянціна: Усе вакол спачуваюць, нават настаўнікі. Ніхто зразумець не можа, як гэта можна вось так узяць і пасадзіць маці дваіх непаўналетніх дзяцей. Проста, кажуць, жах.

Сябры перажываюць. Іра — добры і спагадны чалавек. Ёй заўсёды было не ўсё роўна, што вакол. Яна не выпівае, знаёмым казала, маўляў, навошта п'яце? У вас дзеці растуць.

Сама — маці выдатная. Яна ні ў чым дочкам ніколі не адмаўляла, яны ў нас разадзетыя і разабутыя. Мне сёння цяжкавата, таму што просяць: "Бабуля, купі тое, купі гэта". А дзе грошай набрацца?

 

Еўрарадыё: Што плануеце рабіць далей?

Валянціна: Будзем ісці да канца. Плануем дайсці да Мінска. Няўжо ніхто не адменіць гэта рашэнне? Падаём дзве апеляцыі ў гомельскія суды і ў мінскі. Мы не будзем спыняцца, таму што гэта несправядліва.

 

Еўрарадыё: Як змяніліся вашыя палітычныя погляды пасля выбараў 2020 года? Якія ўвогуле ўражанні?

Валянціна: Якія могуць быць уражанні? Ну хіба можна так саджаць дзяцей? Палова беларусаў — крымінальнікі! Ну гэта ж абсурд нейкі. Дзеці вучацца ў інстытутах, былі стыпендыятамі, займалі месцы. Вунь хлопцу з медінстытута далі чатыры гады. Гэта адэкватна? 

Мой першы муж, Ірын тата, раней быў за Лукашэнку. Цяпер сказаў: "Усё, супраць. Я не хачу больш на гэта ўсё глядзець!" А я і слухаць не хачу. Я не гляджу цяпер БТ. Я і раней не магла гэта глядзець.

Неяк 16 гадоў яшчэ можна было трываць, а потым ужо гэта стала невыносна. Гэта брахня, брахня, брахня. Гэтыя калгасы, калгасы, калгасы. Усё роўна нейкія перамены будуць. Надзея памірае апошняй.    

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі