Чыгуначная аварыя пад Валгаградам
У Валгаградскай вобласці Расіі каля станцыі Катлубань ў ноч на 14 траўня з рэек сышлі вагоны грузавога цягніка. Як заявіла прэс-служба Прыволжскай чыгункі, прычынай сталі дзеянні "пабочных асобаў".
Паводле звестак тэлеграм-канала Baza, прычынай чыгуначнай аварыі стала атака беспілотніка. Паведамляецца, што загарэліся два вагоны з палівам, адна цыстэрна выбухнула. Агулам з рэек сышлі дзевяць вагонаў.
У расійскіх СМІ пацвярджаецца, што цягнік быў атакаваны беспілотнікам. У МНС пацвярджаюць выбух цыстэрны з палівам: "У пасёлку Самафалаўка, на станцыі Катлубань адбылося ўзгаранне адной цыстэрны з дызпалівам і вагона з піламатэрыяламі". Загінулых і пацярпелых пры здарэнні няма.
Пад раніцу 14 траўня расійскія войскі ўдарылі дзвюма авіябомбамі па Кіеўскім раёне Харкава. Пацярпелі чатыры чалавекі, перадае hromadske.ua.
Таксама зранку ў аўторак расіяне абстралялі Нікапаль на Днепрапятроўшчыне. Загінуў 45-гадовы мужчына, 47-гадовы атрымаў аскепкавыя раненні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут