Дробыш: ідэя з жывымі ваўкамі на сцэне "Еўрабачання" насамрэч не абмяркоўвалася

10/05/2016 - 09:44

Ідэя выступу беларускага выканаўцы IVAN'а з жывымі ваўкамі на сцэне "Еўрабачання-2016" насамрэч з Еўрапейскім вяшчальным саюзам нават не абмяркоўвалася. У гэтым прызнаўся яго прадзюсар Віктар Дробыш.

"Цяпер ужо я вам магу сказаць шчыра: мы б адразу атрымалі адмову. Кажуць, што калісьці і індыка спрабавалі вывесці на сцэну, але зоаабаронцы настойвалі на тым, што ў індыка будзе стрэс. Ідэя з жывымі ваўкамі не абмяркоўвалася, і акрамя як пры дапамозе галаграмы, не ведаю, як можна было яшчэ выкруціцца з гэтай сітуацыі. У нас было толькі адно выйсце", — перадае БЕЛТА словы Дробыша.

Раней паведамлялася, што IVAN выйдзе на сцэну "Еўрабачання" аголеным і будзе выконваць сваю песню разам з ваўкамі. Гэтыя звесткі выклікалі шырокую і неадназначную рэакцыю.

Дробыш, аднак, лічыць пазітыўным тое, што беларускі нумар на "Еўрабачанні" працягвае абрастаць чуткамі. "Больш за ўсё мяне хвалявала абыякавасць. Вельмі не хацелася, каб мы са сваёй маленькай рэспублікай апынуліся на задворках у аб'ектыўных лідэраў конкурсу — Расіі, Англіі, Францыі, Нямеччыны. А ў выніку атрымалася так, што ўсе казалі пра нас больш, чым пра сябе", — рэзюмаваў прадзюсар.

Нагадаем, што першы паўфінал "Еўрабачання-2016" адбудзецца 10 траўня на сцэне Globen Arena у Стакгольме. Жывую трансляцыю спеўнага форуму ў 22.00 пачнуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Беларускі выканаўца выступіць у другім паўфінале.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі