Чытаць болей: Як “венесуэльскі кейс” дапамагае зразумець, што будзе з Беларуссю без Лукашэнкі
Мэта дэмакратычнага транзіту — гэта трансфармацыя грамадства і дзяржавы, выбудоўванне ўстойлівага руху да дэмакратычнага развіцця. Дапамога іншым краінам у такім працэсе магчымая, але яна павінна ажыццяўляцца правамернымі спосабамі: праз тэхнічную, фінансавую падтрымку, дапамогу ў рэформах. Але ніяк не праз узброенае ўмяшанне, нават калі яго вынікам становіцца ўстараненне дыктатара.
Такім чынам, мы бачым, што дзеянні неправамерныя, і ці прывядуць яны да чагосьці добрага для Венесуэлы — гэта вялікае пытанне. Акрамя таго, падобныя сітуацыі заўсёды становяцца прадметам аналізу ў сусветнай дыпламатыі: дзяржавы робяць высновы, прымяраюць іх на сябе. Узнікае адчуванне, што калі такія крокі магчымыя, то дапушчальна практычна ўсё — альбо гэта можа быць успрынята як прыклад таго, што так таксама можна.
— Ці можа гэтая сітуацыя, на ваш погляд, паўплываць на перамовы з нагоды вызвалення беларускіх палітвязняў? Напрыклад, ці не стане яна сігналам для Лукашэнкі, што яго таксама могуць выкрасці? Бо ў Беларусь прыязджаюць амерыканскія прадстаўнікі, абмяркоўваецца адкрыццё амбасады ЗША...
— Давайце так: спецпрадстаўнік ЗША Джон Коўл дакладна не вывезе Лукашэнку. Што тычыцца цікавасці ЗША да тэмы палітвязняў, важна разумець: як і ў выпадку з Венесуэлай, ім няма да іх асаблівай справы. Проста іх інтарэсы сітуацыйна супалі з інтарэсамі Лукашэнкі, і пабочным эфектам гэтага супадзення стала вызваленне людзей — і гэта, безумоўна, добра.
Часам пабочным эфектам іх хуткіх і гучных перамог становіцца вызваленне людзей, а часам — уварванне ў чужыя дзяржавы. У нашым выпадку першы варыянт, вядома, нашмат лепш. Але важна разумець: гэта менавіта пабочны эфект.
На мой погляд, частковым следствам такога іх мэтапакладання з'яўляецца нявырашаная праблема з дэпартацыямі. Хоць перад Новым годам былі памілаваныя іншыя людзі, якія засталіся ў краіне. Складваецца адчуванне, што дэпартацыя — гэта частка дамоўленасцей менавіта з амерыканскім бокам, і яны не асабліва імкнуцца з гэтым нешта зрабіць.
Звязваць наўпрост сітуацыю ў Венесуэле з перамовамі па беларускіх палітвязнях складана. Праведзеная аперацыя не азначае, што цяпер падобнае будзе адбывацца ў любых дыктатурах, дзе з'яўляюцца амерыканскія дыпламаты або адкрываюцца амбасады. Гэта паралельныя працэсы. У Венесуэле ў ЗША была канкрэтная мэта, яны ўбачылі рэжым, які, умоўна кажучы, "дрэнна ляжаў", і зрабілі тое, што зрабілі.
У Беларусі ў іх іншы кірунак, іншая логіка і іншыя мэты. Гэта як розныя трэкі: тут — адны перамогі, там — іншыя. Гэтак жа, як існуе асобны кірунак перамоў па Украіне і Расіі. Таму ўсё будзе залежаць ад таго, наколькі доўга будзе захоўвацца цікавасць ЗША да тэмы палітвязняў і наколькі будуць супадаць іх інтарэсы з інтарэсамі Лукашэнкі. Будзем спадзявацца, што гэтай цікавасці хопіць, каб выпусціць усіх хоць бы прызнаных праваабаронцамі палітвязняў. Але гэта ніяк не адмяняе неправамернасці іх дзеянняў у іншых сітуацыях.