Дэпутаты просяць Лукашэнку ўнесці законапраект аб пераносе выбараў на 2023 год

25/05/2021 - 10:44

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за зварот да Аляксандра Лукашэнкі, каб ён унёс на іх разгляд законапраект аб змене Канстытуцыі, перадае БЕЛТА. 

Гэты закон перанясе мясцовыя выбары з пачатку 2022 года на канец 2023-га — адначасова з парламенцкімі выбарамі.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Віктар Свіла заявіў, быццам у канстытуцыйную камісію паступае шмат прапановаў зрабіць адзіны дзень галасавання — аб'яднаць мясцовыя і парламенцкія выбары. Гэтую норму мяркуецца аформіць у новай Канстытуцыі.

Перанос выбараў на пазнейшы час ён патлумачыў тым, што дэпутаты, абраныя ў 2022 годзе будуць працаваць малы тэрмін.

"Дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, выбраныя ў студзені 2022 года, будуць ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да чарговых выбараў у парламент у 2023 годзе. Гэта значыць крыху больш за паўтара года. Што пацягне за сабой дадатковыя бюджэтныя і арганізацыйныя выдаткі і негатыўна адаб'ецца на эфектыўнасці працы дэпутацкага корпуса", — заявіў Свіла.

Сумневаў у тым, што за гэтую Канстытуцыю прагаласуе большасць, у дэпутата няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі