Дэпутат: візавае пагадненне — прыярытэт, разгледзім у пачатку красавіка

09/01/2020 - 10:06
Андрэй Савіных / Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрасаюзам для беларускіх дэпутатаў — прыярытэт. Але ратыфікаваць яго яны разлічваюць толькі ў пачатку красавіка. Пра гэта расказаў Еўрарадыё Андрэй Савіных, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах.

"На вясновай сесіі разглядаць ратыфікацыю пагадненняў мы будзем у прыярытэтным парадку, гэта значыць максімальна хутка. Плануем завяршыць усе неабходныя дзяржаўныя працэдуры да канца красавіка. Такім чынам, пагадненне ўступіць у сілу 1 чэрвеня, — тлумачыць Андрэй Савіных. — Не ведаю, наколькі лёгка можна сабраць з гэтай нагоды пазачарговую сесію. Але не варта забываць, што паскарэнне працэсаў з нашага боку можа не паскорыць уступленне ў сілу пагаднення: ёсць таксама працэдуры Еўрапейскага парламента".

У Палаце прадстаўнікоў / Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Чаму толькі ў пачатку красавіка? 2 красавіка па раскладзе адкрываецца вясновая сесія Палаты прадстаўнікоў. А цяпер і яшчэ два найбліжэйшыя месяцы дэпутаты будуць працаваць у акругах.

У выпадку асаблівай неабходнасці парламент можа сабрацца на пазачарговую сесію. Яны склікаюцца па ініцыятыве прэзідэнта Беларусі або па патрабаванні не менш як дзвюх трэцяў галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Пазачарговыя сесіі парламента адбываюцца рэдка — напрыклад, для зацвярджэння новага прэм'ер-міністра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі