Ціханоўская — пра 9 жніўня 2020 года: “Шкада, што нічога тады не запісвала”

09/08/2026 - 11:12

Святлана Ціханоўская / @euroradio

Днямі Святлана Ціханоўская завітала ў студыю Еўрарадыё і падзялілася ўспамінамі пра дзень выбараў, які змяніў краіну.

У ноч з 8 на 9 жніўня 2020 года яна не была дома — у кватэру маглі ў любы момант прыйсці сілавікі. Таму Святлана заехала дамоў толькі раніцай 9 жніўня.

— Пераапранулася і пайшла на свой участак галасаваць, — успамінае яна. — Там было шмат людзей, шмат медыя, я дагэтуль удзячная за тую падтрымку. Я так хвалявалася і ўсё думала: толькі б не забыцца скласці бюлетэнь гармонікам. І, вядома, забылася.

А потым паехала ў штаб Віктара Дзмітрыевіча, каб быць там разам з Машай [Калеснікавай — Еўрарадыё], Вераніка [Цапкала — Еўрарадыё] на той момант з’ехала [у Маскву — Еўрарадыё]. Цягам дня мы сачылі за платформай “Голас”, мы былі ў працоўным стане. Увечар людзі пачалі выходзіць на вуліцы, стала зразумела, што хваляванні ўзмацняюцца. А мы ўжо ведалі, што на шматлікіх участках ёсць доказы таго, што Лукашэнка прайграў.

Было незразумела, што будзе далей. Была ўпэўненасць, што ў нас ёсць доказы фальсіфікацыі, а значыць, ёсць надзея на змены. І быў страх — страх за людзей. Такая мешаніна эмоцый, што нават паслядоўнасць дзеянняў забылася.

З 9 на 10 жніўня крыху паспала на раскладушачцы ў штабе, вось і ўсе ўспаміны. Шкада, што нічога тады не запісвала.

Фільм Еўрарадыё "Раніца без дыктатара"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі