Ці закране амністыя асуджаных за наркотыкі? Разбіраем праект закона

18/06/2019 - 16:30

У распараджэнне Еўрарадыё трапіў тэкст законапраекта аб амністыі, якая мае адбыцца 3 ліпеня. Мы вывучылі дакумент, каб зразумець, ці закране гэтая амністыя асуджаных па "наркатычным" артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса.

Калі коратка: і так, і не. Усё залежыць ад часткі артыкула, па якой асуджаны чалавек, і ад яго ўзросту.

Згодна з артыкулам 11 законапраекта амністыя не распаўсюджваецца на асоб, асуджаных па самых цяжкіх частках артыкула 328 КК: 4-й і 5-й.

Артыкул 9 законапраекта пазбаўляе права на амністыю і асуджаных па частцы 1-й артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту). Аднак у апошнім абзацы 9-га артыкула ёсць агаворка, што ў дачыненні да іх прымяняюцца нормы артыкула 8 законапраекта. А ў ім пералічваюцца ўмовы, пры якіх асуджаныя могуць быць вызваленыя ад пакарання часткова.

Такім чынам, калі чалавек асуджаны па частцы 1 артыкула 328 КК, то амністыя на яго ўсё ж распаўсюджваецца: непаўналетнім "скінулі" тэрмін на 2 гады, паўналетнім — на 1 год. Скароцяць пакаранне і тым, каму на момант разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі засталося менш за адзін год (а для непаўналетніх — менш за два гады) да заканчэння тэрміну.

2-я і 3-я часткі артыкула 328 КК (дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў) у праекце закона аб амністыі не згадваюцца ні разу. Фармальна яны адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх, а згодна з артыкулам 9 законапраекта асуджаныя за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы ад пакарання і крымінальнай адказнасці не вызваляюцца. Аднак не зусім зразумела, чаму 4-я і 5-я часткі артыкула 328 КК удастоіліся асобнага згадвання ў праекце закона аб амністыі, а 2-я і 3-я часткі — не.

Даведка: 14-я па ліку амністыя пройдзе ў Беларусі ў гонар 75-годдзя вызвалення ад фашысцкай акупацыі. Праект закона аб ёй паступіў у Палату прадстаўнікоў 18 чэрвеня. Амністыя закране непаўналетніх; цяжарных жанчын; жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў; пенсіянераў; інвалідаў I і II групы і іншых катэгорый насельніцтва — з некаторымі выключэннямі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі