Ці варта чакаць у Беларусі такіх надзвычайных паводак, як у Заходняй Еўропе?

03/06/2016 - 12:49

Заходняя Еўропа працягвае пакутаваць ад моцных паводак. Тысячы людзей на поўдні французскай сталіцы могуць быць эвакуяваныя з прычыны найвышэйшага за 30 гадоў узроўню вады ў Сене.

У чацвер у раёне парыжскага вакзала Аўстэрліц узровень вады перавысіў 5 метраў. Але сіноптыкі папярэджваюць, што пік паводкі чакаецца ў пятніцу, тады вада ў Сене можа падняцца да адзнакі 6 метраў.

У сувязі з гэтым Луўр і музей д’Арсэ зачыніліся і аб’явілі аб магчымай эвакуацыі твораў мастацтва. Не працуюць таксама некаторыя лініі метро.

Прычына паводак — надзвычайна моцныя залевы, якія апанавалі поўнач краіны. Французскія метэаролагі ўжо называюць гэты травень найбольш дажджлівым за 150 гадоў.

У паўднёвых землях Германіі праз паводкі і апоўзні загінула прынамсі 10 чалавек, але ўлады падазраюць, што ахвяраў будзе больш: некалькі чалавек зніклі без вестак, і іх па-ранейшаму шукаюць.

Залевы апанавалі і поўдзень Расіі. Падтопленыя вуліцы і будынкі ў Растове-на-Доне, Краснадары, Валгаградзе. Градам пашкоджаныя тысячы гектараў збожжавых.

Ці чакаюць такія залевы Беларусь?

Па словах галоўнага сіноптыка Беларусі Святланы Рыбаковай, цыклоны, якія прынеслі з сабою моцныя залевы ў Заходнюю Еўропу і на поўдзень Расіі, абыходзяць нашую краіну бокам.

“У найбліжэйшыя дні цыклоны будуць прахадзіць далёка ад нашых межаў. Таму нічога экстрэмальнага не прадбачыцца”, — кажа сіноптык.

Яна таксама падкрэслівае, што, паводле прагнозаў, колькасць ападкаў у чэрвені чакаецца ніжэйшай за норму.

“Пасля цёплага пачатку месяца ў другой палове першай дэкады і ў пачатку другой мы чакаем хвалю холаду. Але ападкаў у чэрвені прагназуецца меней за норму. А вось сярэднемесячная тэмпература, нягледзячы на гэтае пахаладанне, усё адно прадбачыцца вышэйшай за норму”.

Даведка: Сярэдняя норма ападкаў у чэрвені — 69-87 мм. А сярэдняя тэмпература — +15... +17. 

Адназначна адказаць на пытанне, што стала прычынай такога нетыповага надвор’я ў Еўропе, нельга — уплывае надзвычай вялікая колькасць фактараў, тлумачыць Святлана Рыбакова. Прычынай мог стаць антыцыклон, які знаходзіцца цяпер па-над Расіяй і блакуе звычайнае перамяшчэнне еўрапейскіх цыклонаў. Магчыма таксама, што гэта рэшткавы ўплыў Эль-Нінья.

На большай частцы Еўропы, і ў прыватнасці ў Беларусі, апошнім часам назіраецца нетыповая сітуацыя з паступленнем паветраных масаў, кажа галоўны сіноптык. Калі раней яны прыходзілі да нас пераважна з Захаду (з Атлантыкі), дык цяпер усё часцей усталёўваюцца мерыдыянальныя паступленні — ці з поўначы, ці з поўдня. Таму ў нас і надвор’е такое — ці занадта цёпла, ці занадта халодна.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі