Ці трэба адвучваць беларусаў ад алкаголю: меркаванні кандыдатаў

05/10/2015 - 11:34

Таццяна Караткевіч, дырэктар сацыяльнай установы “Сямейная пляцоўка”, аддае перавагу добраму віну альбо каньяку.

“З чаго пачынаецца выздараўленне? З прызнання таго, што праблема алкагалізму ёсць. Трэба інфармацыйныя праграмы праводзіць больш шырокія па наступствах у сувязі з алкагольнай залежнасцю. А самае галоўнае — даць магчымасць людзям убачыць перспектыву. Бо калі ёсць праца, калі ёсць сям’я, то ў цябе не будзе нагоды выпіць больш, чым ты можаш і лёгка адмовіцца ад таго, каб выпіць і не пайсці на працу. Людзі ў рэгіёнах скардзяцца, што стала больш людзей нецвярозых у горадзе пасля таго, як адмянілі забарону на продаж алкаголю пасля 22 гадзін. Я бы падтрымала такую забарону”.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік краіны, алкаголь амаль не ўжывае, піва не п’е, бо “яно для яго горкае”.

“Будзем прымушаць працаваць, але не будзем нікому забараняць піць. Рускі чалавек, калі ў шырокім сэнсе слова, ну што за рускі чалавек, які не ўмее ці не хоча выпіць? Але на вёсцы ёсць гэтая праблема, вельмі сур’ёзная, і я яе бачу. Ёсць праблема, ёсць, п’юць. Але забараніць не магу і не буду. Мы будзем вырашаць праз спорт, будзем праз здаровы лад жыцця”.

Мікалай Улаховіч, намеснік старшыні Мінаблспажыўсаюза, што і ў якой колькасці ўжывае сам, не вядома.

“Любая забарона не вырашае праблемы алкагалізму. Трэба, як некалі Брэжнеў казаў, “культурнае піццё”. Практыка паказвае, што культурна піць людзі не навучыліся, таму я лічу, што трэба выхоўваць культуру паводзінаў. А забараняць, у 12 гадзін, 20 ці ў 8 раніцы прадаваць — яно нічога не вырашае. Кошты цяпер на алкаголь знізілі, але не да такой ужо ступені, я ж працую ў Спажыўкааперацыі! Тут разумееце ў чым справа: ну, не будуць яны піць нармальны напой, будзе, як практыка паказала, развівацца самагонаварэнне, будуць піць розную гадасць. Колькі ўжо з гэтай нагоды напісана! Нічога новага: пачынаюць забараняць, павышаць кошты — пачынаюць піць дэнатурат, труцяцца, клінікі завальваюцца хворымі. Таму, тут трэба асцярожна дзейнічаць: хай будуць танныя напоі, хай лепш вып’е дзяржаўнага таннага напою, чым пойдзе і гадасць нейкую знойдзе недзе і нап’ецца ёй. Добра, калі з атручэннем патрапіць — памрэ! Бо вы ж ведаеце, што такое алкагалізм: ён будзе піць пакуль яно ёсць!”

Сяргей Гайдукевіч, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі, любіць дарагі алкаголь

“Алкагалізм — гэта хвароба тысячагоддзя, з гэтым пытаннем трэба змагацца і змагацца. Я катэгарычна супраць начнога продажу, катэгарычна супраць рэкламы алкаголю — гэта глупства. Таннага алкаголю не павінна быць. Асабліва гэта тычыцца сурагатных “чарнілаў” гэтых усіх з назвамі іх дзіўнымі. Гэта нармальная мера, бо калі стаіць кошт на нейкае пойла дурное такі ж, як на ліманад… Трэба ўводзіць рэгуляванне цаны. Другое: дакладна выконваць патрабаванні па ўзроставым цэнзе: 21 года няма — няма чаго прадаваць. Трэба, каб гэтым займаліся, каб кантроль быў. Бо прадаўцу абы прадаць — крама ж прыватная! Трэба, каб адказнасць уводзілі, пытанне адсочвалі. Ды і ўвогуле, алкагольная прадукцыя не абавязкова павінна быць у кожнай краме, можна рабіць спецыялізаваныя для продажу алкаголю і табаку, як на Захадзе”.

Фота: Еўрарадыё, http://cont.ws/

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі