Чэмпіён свету і Еўропы па самба Сцяпан Папоў / архіў
"Рэжымы Расіі і Беларусі развязалі вайну супраць Украіны, а таксама падвяргаюць маштабным рэпрэсіям уласных грамадзянаў", — рэагуюць у Беларускім фондзе спартовай салідарнасці на ідэю прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха дапусціць расійскіх і беларускіх спартоўцаў да летняй Алімпіяды 2024 года.
Навіна пра тое, што Алімпійскі і Паралімпійскі камітэт ЗША падтрымлівае гэтую пазіцыю выклікае здзіўленне: яшчэ ў пачатку бягучага года МАК заклікаў спартовыя федэрацыі выключыць расійскіх і беларускіх спартсменаў з міжнародных спаборніцтваў з-за ўварвання Расіі ва Украіну, і ЗША гэтую забарону падтрымалі.
Зразумела, што пакуль наогул рана рабіць нейкія прагнозы на 2024-ы. Украіна можа перамагчы, а Беларусь — вярнуць страчаную незалежнасць. І калі палітычная карціна зменіцца, прыйдзецца прымаць новыя рашэнні.
Але мяркуючы па парадку дня, які мы маем сёння, узнікае пытанне: атрымліваецца, калі Беларусь дапусцяць да Алімпіяды, на спаборніцтвы змогуць паехаць нават ябацькі?
На гэтую тэму ў інтэрв'ю Еўрарадыё разважае чэмпіён свету і Еўропы па самба Сцяпан Папоў.
Спачатку гэтая навіна выклікае моцны негатыў. Як так, пасля ўсяго, што адбылося, што зрабілі? Як наогул можна дапусціць да самага галоўнага старту чатырохгоддзя тых, хто падтрымлівае і прапагандуе рэжым Лукашэнкі і, тым больш, вайну?
Але калі зірнуць з іншага боку, асабліва дэмакратычным поглядам, то мне, як спартсмену і чалавеку, які змагаецца за дэмакратыю, таксама шкада многіх спартсменаў. Асабліва тых, якія выступілі ў Беларусі супраць гвалту і цяпер пакутуюць разам з ябацькамі.
На жаль, людзям з дэмакратычнага грамадства цяжка зразумець сістэму рэжымнага спорту нашых краін, дзе на чале стаяць людзі, цалкам лаяльныя да дыктатуры. А многія з іх наогул у пагонах. І гэта міністры, намеснікі міністраў, старшыні федэрацый, трэнеры, работнікі і кіраўнікі НАК.
Да працы на гэтых месцах дапускаюць цяпер толькі лаяльных, а ўсіх, хто кажа праўду і выступае супраць гвалту ці вайны, рэпрэсуюць і прыбіраюць. Таксама ўся гэтая сістэма ўзгадавала купу праўладных і інфантыльных спартсменаў, якія прапагандуюць гвалт і адкрыта выступаюць за вайну.
Як можа, напрыклад, амерыканец паверыць у маю гісторыю, калі да мяне прыходзілі з пагрозамі і запалохваннем? Ужываючы бандыцкія метады з 90-х. Адразу пяць чалавек: адзін з іх — уласна намеснік міністра спорту, другі — дзеючы спартсмен, прафесіянал найвышэйшага ўзроўню…
Пагражалі здароўем, свабодай і бяспекай — мне і маёй сям'і, змушалі пакінуць краіну. І я не адзін, да каго такія спартсмены хадзілі. І гэта толькі адна з гісторый. Хіба гэта спорт па-за палітыкай і вышэйшыя алімпійскія прынцыпы?
Я думаю, што мэта гэтай заявы — праверка рэакцыі грамадскасці. Але я ўпэўнены, што не толькі Украіна не прыме таго, што ўмовай допуску спартсменаў будзе толькі адсутнасць дзяржаўных сцягоў на Алімпіядзе.
Я думаю, што пачаўся торг. З аднаго боку, многія спартсмены з Беларусі і Расіі былі ўпэўненыя ў тым, што яны ўжо на сто адсоткаў гэтую Алімпіяду прапускаюць. А тут зноў з'явілася надзея і прачнуўся спартовы запал.
Я думаю і вельмі хачу, каб беларусы і расіяне выступілі на гэтых гульнях. Але толькі тыя, хто знойдзе ў сабе смеласць даказаць, сказаць і нагадаць усяму свету, што Алімпійскія Гульні прыдумалі для таго, каб не было вайны. Таму калі яны хочуць выканання сваёй спартовай мары, ім трэба будзе здзейсніць акт грамадзянскай і маральнай мужнасці.
Тых спартсменаў, якія, на мой погляд, ужо і не спартсмены, а прапагандысты нелегітымнага рэжыму, гвалту і вайны, я думаю, адназначна дапускаць нельга. Будзе павучальны прыклад для іншых.
Калі дапусціць цяпер усіх каго хочаш, без гэтага адбору, то пачнуцца шматлікія байкоты спартсменаў і зборных. Не выключана, што дойдзе да адкрытых разборак прама на спартовых мерапрыемствах.
Бо сёння, пакуль мы маўчым, для большасці мы выглядаем аднолькава — агрэсарамі, акупантамі і тымі, хто актыўна падтрымлівае ўсе дзеянні сваіх уладаў.
Але, ведаючы бесчалавечнасць нашых рэжымаў, міжнародная супольнасць абавязаная будзе дапамагчы пэўнымі ўмовамі і падтрымкай тым спартсменам, якія выберуць шлях адкрыта асудзіць вайну. Бо па людаедскіх законах нашых краін, за слова "вайна" ўжо можна апынуцца за кратамі. Таму ў іх будзе неабходнасць публічнай гарантыі абароны ад міжнароднай спартовай супольнасці.
З аднаго боку, тут тупік, але з другога — выдатная магчымасць стварыць механізмы і працэсы па ачышчэнні спорту ад уплыву і маніпуляцый аўтарытэтных дзяржаў над сваімі спартсменамі. І выпрацоўкай механізму рэальнай абароны спартсменаў найвышэйшага ўзроўню. Бо спартсмены — гэта як міжнародныя паслы міру. А мы бачым, як іх саджаюць у турмы за меркаванне ці нават расстрэльваюць.
"Міжнародная супольнасць абмяркоўвае варыянты стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбунала для прыцягнення рэжымаў Расіі і Беларусі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці. У гэтых умовах удзел спартсменаў з гэтых краін у буйных міжнародных спартовых мерапрыемствах, у тым ліку Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях, недапушчальны, бо будзе выкарыстоўвацца як сродак прапаганды", — гаворыцца ў заяве Беларускага фонду спартовай салідарнасці, апублікаванай 13 снежня.
Пры гэтым у арганізацыі, якая займаецца абаронай правоў спартоўцаў, мяркуюць: атлеты, якія цалкам выконваюць прынцыпы Алімпійскай хартыі, могуць быць дапушчаныя да Алімпіяды пры наступных умовах:
публічным асуджэнні дзеянняў рэжымаў Расіі і Беларусі і далучэнні да антываеннай дэкларацыі спартсменаў;
адсутнасці падтрымкі з боку дзяржавы, у тым ліку ад юрыдычных і цесна звязаных з ім фізічных асоб;
захаванні нейтральнага статусу (маецца на ўвазе адсутнасць гімнаў, сцягоў і іншых элементаў нацыянальнай сімволікі падчас спаборніцтваў);
допуск афіцыйных прадстаўнікоў, спартовых функцыянераў, а таксама прадстаўнікоў прапаганды дзвюх краін на мерапрыемства забаронены.
Беларускі Фонд спартовай салідарнасці прапануе выкарыстоўваць лепшыя практыкі ў гэтай сферы, якія існуюць на дадзены момант, і гатовы аказаць дапамогу міжнародным спартовым арганізацыям, даючы рэкамендацыі і неабходныя кансультацыі па гэтым пытанні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут