Чарговыя выпадкі шпіталізацыі з анафілактычным шокам пасля ін'екцыі лекаў

24/01/2017 - 13:26

У Беларусі зафіксаваныя чарговыя выпадкі шпіталізацыі з анафілактычным шокам пасля ін'екцыі лекаў. На гэты раз яны адбыліся ў Ганцавіцкім раёне.

Як паведамляе газета "Ганцавіцкі час", 20 студзеня ў мясцовую цэнтральную раённую бальніцу з анафілактычным шокам прывезлі 12-гадовую дзяўчынку. Пасля таго, як яна захварэла гнойнай ангінай, участковы педыятр выпісаў дзіцяці прэпараты "Цэфтрыаксон" і "Лідакаін". У той жа дзень маці стала самастойна ўводзіць гэтыя лекі, і дзяўчынцы стала кепска, яна страціла прытомнасць. Спалоханая жанчына выклікала хуткую. Медыкі аператыўна аказалі дзяўчынцы дапамогу, пазбавілі яе ад анафілактычнага шоку і завезлі ў рэанімацыю. На сённяшні дзень школьніца знаходзіцца ў дзіцячым аддзяленні, ёй лечаць ангіну.

У той жа дзень у бальніцу ў Ганцавічы з дыягназам "анафілактычны шок" прывезлі жанчыну. Ёй аказалі патрэбную дапамогу. Яе здароўю цяпер нічога не пагражае.

Як паведамляла Еўрарадыё, 16 студзеня ў Маладзечанскім раёне 31-гадовая жанчына памерла пасля ін'екцыі лекаў. 20 студзеня ў Барысаве ў рэанімацыю пасля ўколу антыбіётыка трапіў 11-гадовы школьнік. У выніку, Міністэрства аховы здароўя з 20 студзеня абмежавала ўжыванне лекавых прэпаратаў "Цэфтрыаксон" і "Лідакаін".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі