Фото: greenbelarus.info
У снежні 2017 года на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната зрабілі завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы магутнасцю 400 тысяч тон у год. Той самы, супраць будаўніцтва якога, мясцовыя жыхары яшчэ ў 2012 годзе сабралі 10 тысяч подпісаў.
Пратэсты не паўплывалі на рашэнне ўладаў — хоць тэрміны пастаянна пераносіліся, у снежні завод выпусціў першыя сто тон сыравіны. Але, прапрацаваўшы тры месяцы, прадпрыемства спынілася. У сваім штогадовым пасланні Аляксандр Лукашэнка адчытаў за гэта чыноўнікаў: "Ва ўрадзе дагэтуль разбіраюцца, хто перад прэзідэнтам за гэта адкажа".
"Кіраўнік дзяржавы акцэнтуе ўвагу на гэтым праекце, таму што ён з'яўляецца другім па кошце пасля Беларускай АЭС, — тлумачыць дырэктар Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната Юрый Крук. — Яго кошт — $800 млн [будаўніцтва АЭС пад Астраўцом абыдзецца Беларусі прыблізна ў $10 млрд. — Еўрарадыё]. Калі прадпрыемства запрацуе, мы зможам перапрацоўваць беларускую драўніну, якая раней у круглым выглядзе вывозілася на экспарт.
Драўніна вывозілася па 40 еўра за кубаметр. На тону цэлюлозы будзе сыходзіць парадку пяці "кубоў" драўніны. А кошт цэлюлозы сёння — каля $800 за тону. Вось і лічыце! На заводзе будуць працаваць каля 400 чалавек. 150 тысяч долараў — прыблізная выручка на аднаго работніка".
Паводле слоў спецыяліста, сёння ў Беларусі ўсе віды паперы вырабляюцца з сыравіны, прывезенай з Расіі і Еўрасаюза. Светлагорскі завод будзе выкарыстоўваць беларускую драўніну. Але чаму ж тады ён папрацаваў ўсяго тры месяцы?
Юрый Крук распавёў, што афіцыйнага адкрыцця завода пакуль не было. Тры месяцы працы, якія згадаў Лукашэнка ў сваім пасланні, гэта ўсяго толькі эксперымент:
"Мы запусцілі пробную вытворчасць. Выпусцілі каля трох тысяч тон прадукцыі. Частка была накіраваная па прадпрыемствах нашага канцэрна на перапрацоўку. Там яе пратэставалі спецыялісты і далі добрую адзнаку. Прадукцыю з яе рэалізавалі кліентам. Таксама мы зрабілі першыя адгрузкі уласна цэлюлозы ў Германію, Кітай і Расію.
Сёння прадпрыемства цалкам забяспечанае сырцом і хімікатамі, і не працуе толькі таму, што пакуль не падпісаныя дадатковыя пагадненні аб аднаўленні работ з кітайскім бокам".
Па словах дырэктара камбіната, сёння запуск вытворчасці ляжыць выключна ў зоне адказнасці кітайскага падрадчыка, карпарацыі САМСЕ.
"З лютага па сакавік кітайскія спецыялісты былі на навагодніх канікулах, — працягвае Юрый Крук. — Цяпер з імі вядуцца перамовы аб аднаўленні далейшага пуску завода, каб да канца года вывесці яго на бесперапынны рэжым працы і выйсці на магутнасці, якія пазначаныя праектам".
Дырэктар камбіната таксама патлумачыў, чаму зацягнулася будаўніцтва прадпрыемства:
"Завод сучасны, там устаноўленае еўрапейскае абсталяванне. Прыйшлося рабіць шмат узгадненняў і адаптаваць праектныя дакументацыі пад нашы нормы і патрабаванні. Ёсць пытанні, якія былі цалкам адкарэктаваныя. Адаптацыя завяршылася толькі ў мінулым годзе — гэта дазволіла рухацца далей".
Па словах Юрыя Крука, усе пытанні павінны быць вырашаныя да канца 2018 года.