Навошта сельскім школам прышкольныя ўчасткі? / Еўрарадыё
Аляксандр Лукашэнка хоча развярнуць школьнікаў і студэнтаў да зямлі.
"У нас школьнікі ўжо нават на вёсцы не ведаюць, што такое зямля, глеба, яны ўжо не ўмеюць працаваць", — абураўся Лукашэнка на нарадзе па сельскай гаспадарцы.
Мы пагутарылі з дырэктарам адной з сельскіх школ і высветлілі: працаваць школьнікі ўмеюць. Вось толькі абавязковая сертыфікацыя прадукцыі прышкольных участкаў зрабіла гэтую працу зусім нявыгаднай. Тлумачым сутнасць праблемы.
Прышкольнаму ўчастку ва ўстанове адукацыі ніхто не супраціўляўся. Гэтыя ўчасткі былі створаныя для таго, каб вырашчаную гародніну можна было наўпрост адпраўляць у школьныя сталовыя.
Калісьці ў школы быў і агародзік, дзе раслі бульба, морква, буракі, і склеп, і сад. Цяпер застаўся толькі сад.
— У чым загваздка цяпер? Па законе дзеці, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, забяспечваюцца харчаваннем бясплатна. Доўгі час мы працягвалі вырошчваць гародніну і тым самым фактычна змяншалі кошт абеду для дзяржавы — на бульбу, моркву, буракі для нашай школы можна было не траціцца, мы ў гэтым проста не мелі патрэбы.
А потым санстанцыя стала патрабаваць, каб уся прадукцыя, вырашчаная на прышкольным участку, праходзіла сертыфікацыю. А гэта значыць, нам трэба было даставіць яе за 40-50 кіламетраў — заплаціць за транспартаванне. А потым яшчэ і заплаціць за сертыфікат — а ён каштаваў даволі дорага, — расказвае дырэктар адной з сельскіх школ.
Калі прыйдзе праверка, а школа не зможа прад'явіць гэты сертыфікат на гародніну, накладуць вялікі штраф. Паўстала лагічнае пытанне: навошта сельскім школам, у якіх дзеці атрымліваюць харчаванне бясплатна, займацца прысядзібным участкам, ды яшчэ і вышукваць грошы на аплату сертыфіката?
— Школа ў такім выпадку не зацікаўленая змяншаць кошт харчавання для сваіх вучняў, таму што выгаду ад гэтага атрымае толькі дзяржава.
Я бывала ў некаторых гарадскіх школах, у якіх ёсць прышкольныя ўчасткі. Там сітуацыя іншая: дзеці плацяць за харчаванне, таму ім выгадна мець такі прышкольны ўчастак. У такім выпадку абеды буду каштаваць танней. Бацькі гэта разумеюць і "скідваюцца" на аплату сертыфікатаў. Тады сума атрымліваецца не такая вялікая, а выдаткі на харчаванне зніжаюцца.
А для сельскіх школ — замкнёнае кола. Я не магу прапанаваць бацькам скінуцца на сертыфікацыю. У мяне спытаюць: навошта на гэта? Нашы дзеці і так бясплатна ядуць.
Іншая рэч, што гарадскім школам трэба вырасціць ураджаю на паўтары тысячы вучняў — гэта ж які патрэбен прышкольны ўчастак!
— Ну вырасцяць яны дзесяць мяхоў бульбы — дык іх жа за тыдзень з'ядаюць.
Раней у школе гародніны, вырашчанай на ўчастку, хапала да вясны. Гэта значыць, усю восень і ўсю зіму можна было не закупляць ніякай гародніны.
Калі б дзяржава ўзяла расходы на сертыфікацыю прадукцыі прышкольных участкаў на сябе, у сельскіх школах яны б захоўваліся і цяпер, упэўнены дырэктар. І рэч не толькі ў альтруізме.
— Гэта, хутчэй, клопат пра дзяцей. Часта бывае, што гародніна, якую прывозяць у школьныя сталовыя, не адпавядае заяўленым патрабаванням. Могуць прывезці мерзлую бульбу, і ты не даведаешся пра гэта, пакуль не згатуеш яе. Бо візуальна яна добрая! Але есці суп або пюрэ з мерзлай бульбы зусім не хочацца. А пастаўшчыку нічога не прад'явіш — скажа, вы ж бачылі, што бралі.
Бывае, пастаўшчык прывозіць прадукты не своечасова. А ў выпадку са сваім участкам заўсёды ведаеш, што ў цябе ёсць і якой якасці.
— А школьнікі гэтую практыку любяць?
Суразмоўца смяецца.
— А вы любілі? Але я не магу сказаць, што ставяцца з нейкім яўным негатывам. У нас пры школе ёсць сад, і вось там яблыкі дзеці збіраюць з вялікім задавальненнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут