Вышыванка / rodnayamovaby.blogspot.com
Свабода — гэта не фінішная дыстанцыя, дабег — і свабодны. Гэта ўнутранае, прыроджанае пачуццё годнасці, лічыць культуролаг Сяргей Харэўскі. Так ён адказвае на пытанне Еўрарадыё пра тое, чаму зацягнуліся перамены на Беларусі.
Вернемся да гісторыі. За апошнія стагоддзі на тэрыторыі Беларусі адбылося нямала паўстанняў: ад Тадэвуша Касцюшкі да Станіслава Булак-Балаховіча. І ўсе буйныя паўстанні скончыліся паразамі і рэпрэсіямі. Чаму так? Харэўскі не лічыць мэтазгодным праводзіць гістарычныя паралелі дый не лічыць канфлікт 2020 года рэвалюцыяй.
— Сённяшняя Беларусь — гэта не часы “Салідарнасці” ў Польшы, гэта не паўстанне Касцюшкі. Дый ці можна называць канфлікт 2020 года рэвалюцыяй? Я не ўпэўнены, і што самае істотнае, я не ўпэўнены, што ён пачаўся ў 2020 годзе. Калі мы гаворым пра культуру, дык не будзем забываць, што чорныя спісы выканаўцаў і аўтараў існуюць не першы год.
Гэты канфлікт проста ўвайшоў у іншую інфармацыйную фазу, але ён ніколі не сціхаў.
Ён раіць успомніць хоць бы, якія стасункі былі ва ўлады з Васілём Быкавым. Ці з Уладзімірам Някляевым. На думку Харэўскага, канфлікт цягнецца з часоў перабудовы.
— І з тых часоў не атрымліваецца “перестроить”, “перестройка” не скончылася. Ёсць адлігі, абвастрэнні, але канца гэтаму я не бачу.
Сённяшняя сітуацыя — гэта не пачатак і не канец, а проста частка ланцуга. Каб нарэшце штосьці перабудаваць, Харэўскі раіць пачаць з сябе. А пачынаць з сябе людзі не гатовыя.
— Хочаш, каб у краіне ўсё было па-беларуску, — гавары па-беларуску. А то прыводзяць дзяцей у храм, а самі ідуць на піва. Гэта тое самае, што аддаць дзіцё ў беларускую школу — а самім па-беларуску не размаўляць.
Харэўскі катэгарычна не пагаджаецца з тымі, хто кажа, нібыта незалежнасць на беларусаў у 90-я звалілася як снег на галаву.
— Беларусы дзесяцігоддзямі рыхтаваліся да гэтага. Была супольнасць, галосна ці не галосна, але незалежнасць падрыхтоўвалася. Хоць і былі знешнія фактары, але абсалютна няправільны пасыл — казаць, што нам гэтая незалежнасць звалілася на галаву.
І перамагчы “савецкасць” не змагла не толькі Беларусь. Не відавочная гэта перамога і ва Украіне, кажа Харэўскі, — “як бы нам ні падабаўся дух свабоды і пэўнай анархіі”.
— Там далека не ўсё так відавочна. Не кажучы пра крывавы канфлікт, які цягнецца з 14-га года. Пра масу праблем з карупцыяй, якія не могуць ігнараваць нават дабрадзеі Украіны. І я не кажу пра нашых усходніх суседзяў — мы ж не жывём за 1000 кіламетраў на востраве. Мы дагэтуль жывём у расійскай інфармацыйнай прасторы. Адсюль і “Хабаровск, мы с вами”, и гімн “Перемен”.
Да таго ж свабода — гэта не штосьці, чаго можна дасягнуць у адзін дзень ды на тым супакоіцца.
— Няможна сказаць усім — мы цяпер годныя, свабодныя. За свабоду ўсе народы і прывілеяваныя нацыі змагаюцца несупынна праз парламенты, праз медыя. Гэта несупынны працэс, і несупынна з’яўляюцца тысячы новых выклікаў. Гэта пастаянная праца над сабой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут