Чаму Ісламская дзяржава хоча знішчыць Мекку і куды падзелася Аль-Каіда?

16/11/2015 - 14:26

Пасля тэрактаў у Парыжы стала відавочна, што паслядоўнікі Ісламскай дзяржавы (ІД) нашмат бліжэй, чым усе маглі меркаваць. Але што мы ведаем пра гэтую арганізацыю?

1. Гэта не частка Аль-Каіды

Сёння ІД — гэта непрызнанае дзяржаўнае ўтварэнне і міжнародная тэрарыстычная арганізацыя, якая дзейнічае на тэрыторыі Ірака і Сірыі.

Хоць яна была створаная яшчэ ў 2006 годзе ў Іраку пасля злучэння радыкальных груповак на чале з мясцовым крылом Аль-Каіды, у лютым 2014 года кіраўніцтва апошняй адмовілася ад сувязяў з ІД. Але пасля стварэння міжнароднай кааліцыі супраць ІД арганізацыі знаходзяцца ў саюзе.

Доктар палітычных навук Віленскага інстытута паліталогіі Канстантынас Андрыяўскас кажа, што хоць гэтыя арганізацыі ўзаемазвязаныя, адначасова яны канкурэнты:

“Так званая Ісламская дзяржава вырасла з Аль-Каіды, але пайшла нашмат далей, стала нашмат больш эфектыўнай. Чаму? Адказ просты — яны кантралююць тэрыторыю”.

Старонка Карана. Фота: islamicdesktop.net

2. Гэта арганізацыя, якую мусульмане ўсяго свету не хочуць называць “ісламскай”

Назва "Ісламская дзяржава Ірака і Леванта" (ІДІЛ) — састарэлая. Сёння  арганізацыя называецца проста Ісламская дзяржава. Вярхоўны муфтый Саудаўскай Аравіі Абдулазіз бін Абдалах бін Мухамад Ааль аш-Шэйх заявіў, што “ідэі экстрэмізму, жорсткасці і тэрарызму не маюць нічога агульнага з ісламам, больш за тое, яны — ворагі ісламу нумар адзін, а першымі іх ахвярамі з’яўляюцца самі мусульмане”.

Шэраг расійскіх імамаў лічыць, што выкарыстанне назвы “Ісламская дзяржава” ў дачыненні да дадзенай арганізацыі некарэктнае, бо дыскрэдытуе іслам, стварае пра яго няправільнае ўяўленне ў вачах моладзі. У якасці альтэрнатывы яны прапануюць выкарыстоўваць назву “Ібліская дзяржава”. Такога ж меркавання прытрымліваецца чачэнскі лідар Рамзан Кадыраў.

Кааба. Мекка. Фота: islamdag.ru

3. ІД хоча знішчыць Мекку

Хоць ІД падтрымлівае традыцыйны суніцкі іслам, але яны ваююць супраць курдаў (таксама сунітаў), знішчаюць хрысціянаў, іудзеяў, што забаронена ў ісламе, і асуджаюцца нават радыкальнымі салафітамі.

У чэрвені 2014 года ўдзельнік ІД Абу Тураб аль-Мукадасі заявіў, што Кааба ў Мецы (найсвяцейшае месца ўсіх мусульманаў) будзе разбураная: “З дазволу Алаха, пад кіраўніцтвам нашага шэйха аль-Багдадзі мы разбурым Каабу і заб’ем тых, хто пакланяецца камяням ў Мецы. Людзі ідуць у Мекку не дзеля Алаха, а дзеля таго, каб дакрануцца да камянёў”.

У ІД афіцыйна ўзнавілі рабства для жанчын і іншаверцаў. Фота: syrianexchangebroker.com

4. На землях ІД пачала ўзнаўляцца інфраструктура, але афіцыйна з’явілася рабства

На захопленых землях Ірака і Сірыі, адзначаюць відавочцы, баевікі ІД аднаўляюць інфраструктуру гарадоў, якая была ў жудасным стане падчас праўлення уладаў Ірака. Многія людзі атрымалі чыстую ваду, электрычнасць, інтэрнэт, бальніцы, што не працавалі з часоў іракскай вайны.

Разам з тым баевікі ўсталявалі на захопленых землях шарыят і ўвялі цэлы шэраг дадатковых правілаў. Напрыклад, афіцыйна ўзнавілі рабства для жанчын і іншаверцаў. Сярод іншых законаў — забарона на курэнне, жаванне жвачкі, нельга называць ІД словам ДАІШ (арыгінал абрэвіятуры ІДІЛ), немусульманам забаронена дэманстраваць рэлігійную сімволіку і літаратуру. За такія парушэнні прадугледжана 80 удараў бізуном ці нават смяротнае пакаранне.

Ад дзеянняў ІД больш за ўсё ахвяраў — сярод мусульманаў, кажа Канстантынас Андрыяўскас. Ён перакананы, што і паслядоўнікі з’яўляюцца толькі ад глыбокіх сацыяльна-эканамічных праблем.

“У іх атрымліваецца шукаць з такім вялікім поспехам паплечнікаў і прыхільнікаў сваёй ідэалогіі таму, што ў мусульманскім свеце цяпер вялікія сацыяльныя і палітычныя праблемы”.

Трэніровачны лагер. Фота: rusamara.com

5. Філіял у Еўропе, адэпты па ўсім свеце

Тэрыторыя, захопленая ІД, складае прыблізна 40-90 тыс кв. км. Колькасць насельніцтва, якое жыве на гэтых землях, па розных ацэнках, складае ад 8 да 10 млн чалавек.

1 верасні 2014 года колькасць баевікоў арганізацыі ацэньвалася ЦРУ ў 20-31,5 тыс чалавек, а кіраўнік ФСБ Расіі ў верасні 2014 года ацаніў іх колькасць у 30-50 тыс.

У якасці зброі баевікі выкарыстоўваюць так званыя “тэхнічкі” (цывільны пікап з усталяваным у кузаве кулямётам). Ёсць цяжкае ўзбраенне, захопленае на складах іракскай арміі, авіяцыя (МіГ-21 іракскай арміі), сродкі СПА.

ІД прыцягвае ў сваю армію добраахвотнікаў з усяго свету. Па некаторых ацэнках, сярод баевікоў арганізацыі ў 2015 годзе было 250 грамадзян ЗША, 650 грамадзян Германіі, каля 2400 грамадзян Расіі.

Базы і філіялы арганізацыі адкрытыя па ўсім Бліжнім Усходзе. Падкантрольныя групоўкі ІД мае ў Ліване, Афганістане, Алжыры, Пакістане, Лівіі, Егіпце, Емене, Нігерыі. Ёсць трэніровачная база ў Еўропе.

Карта тэрыторыяў пад уплывам ІД. Фота: c1.staticflickr.com

Ці мае Ісламская дзяржава будучыню

Ніякай будучыні ў Ісламскай дзяржавы як тэрытарыяльнага ўтварэння няма, кажа палітолаг Андрэй Елесееў.

“Паглядзіце, краіны, якія сварацца па некаторых пытаннях, зараз будуць аб’ядноўвацца супраць Ісламскай дзяржавы. Нават тыя ж адносіны паміж Захадам і Расіяй. Вельмі вялікая імавернасць, што Захад адкладзе сваю жорсткую пазіцыю і пачне з ёй каапераваць”, — гаворыць эксперт.

А вось існаванне як тэрарыстычнай арганізацыі можа цягнуцца гадамі. Бо гэта перш за ўсё вайна ідэяў. І пра тое, што яны маюць прыхільнікаў, сведчыць вялікая колькасць еўрапейскіх грамадзян, якія папаўняюць шэрагі ІД.

Галоўнае фота: theins.ru

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі