“Цар добры — гэта ўсё баяры дрэнныя”: расшыфроўка меседжа Лукашэнкі

17/12/2021 - 14:15

Рэпрэсіі ў Беларусі ў дачыненні да “палітычна няправільных” не спыняюцца. Разам з тым Лукашэнка нядаўна заявіў: “Хачу папярэдзіць вас, міліцыю і кантралюючыя органы: перабору быць не павінна”.

Як разумець гэта патрабаванне? Як растлумачыць “недапушчэнне паўтору падзей 2020-га”, але каб “без перабораў”?

— Рэпрэсіі супраць палітычнага актыву, удзельнікаў пратэстаў пачаліся паўтара года таму, ідуць і яшчэ будуць ісці, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў. — Але апошнімі тыднямі мы чулі пра тое, што масавыя чысткі пачаліся на прадпрыемствах. Яны ідуць не па прыкмеце ўдзелу ў пратэстах, а па прыкмеце нелаяльнасці. Напрыклад, звальненне за подпіс [за альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах-2020. — Еўрарадыё].

— І калі рэпрэсіі выйшлі па-за кола актыўных удзельнікаў квазі-палітычнага працэсу — таму што палітычнага працэсу ў 2020 годзе было мінімум, — то ў найвышэйшага беларускага кіраўніцтва з’явілася жаданне зрабіць дзве рэчы, — працягвае Пётр Кузняцоў. — Па-першае, прытрымлівацца ўжо пададзенага іміджу аб тым, што толькі лаяльныя могуць існаваць у межах гэтай сістэмы. Па-другое — дыстанцыявацца ад па-сапраўднаму масавых рэпрэсіяў, якія масава закранаюць людзей на прадпрыемствах, установах. Каб у тых, хто застаецца і хто лаяльны, не стваралася ўражанне, што гэта ўсё адбываецца па асабістым загадзе.

Меседжам “не перагніце палку” фактычна наўпрост прагаворваецца, што калі вам нешта не падабаецца, то гэта проста “перагнулі палку”, а насамрэч мы палку перагібаць і не хацелі. Мы нармальныя, адэкватныя людзі, не гневайцеся на нас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі