Былога супрацоўніка КДБ Іллю Трубіна асудзілі на 16 гадоў зняволення

05/09/2022 - 07:17

Былога супрацоўніка КДБ, жыхара Барысава Іллю Трубіна асудзілі на 16 гадоў зняволення. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, піша @dissidentBY. У снежні 2020-га і студзені 2021-га ён падпаліў два парталы сістэмы збору платы за праезд па дарогах у Барысаўскім раёне. Шкода была ацэнена на суму больш за 450 тысяч рублёў.

Вядома, што Трубін выкарыстоўваў канспірацыю: дзейнічаў уначы, ездзіў на чужым транспарце, маршрут выбіраў па-за буйнымі аўтадарогамі і не ў полі зроку відэакамер. Пра свае ўчынкі ён распавядаў знаёмым і казаў, што імкнуўся такім чынам прычыніць шкоду дзяржаве.

Крымінальную справу разглядаў суд Барысаўскага раёна (суддзя — Дзмітрый Крывела). Канспіратара прызналі вінаватым па артыкулах "акт тэрарызму, здзейснены паўторна", "незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў" і "незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанне гаручых рэчываў".

34-гадовы Ілля Трубін знаходзіцца ў следчай турме ў Жодзіне. Вядома, што ў яго двое дзяцей. У чэрвені 2022-га КДБ уключыў прозвішча Трубіна ў спіс "асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".

@dissidentBY

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі