Быць сумленным настаўнікам у Беларусі — сапраўдны подзвіг — Святлана Ціханоўская

01/09/2023 - 06:49

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya / @tsikhanouskaya

Быць сумленным настаўнікам у Беларусі — гэта сапраўдны подзвіг, і беларускія настаўнікі здзяйсняюць яго, нягледзячы на ціск сістэмы, перакананая Святлана Ціханоўская. З нагоды 1 верасня яна звярнулася да настаўнікаў, школьнікаў і бацькоў.

"Вы вучыце дзяцей думаць і выказваць свой пункт гледжання. Стараецеся разглядзець здольнасці і таленты ў кожным дзіцяці. Я дзякую вам за стойкасць і прашу – не здавайцеся", — звярнулася Ціханоўская да педагогаў. Бацькам школьнікаў яна прызналася ў тым, што лічыць іх героямі. "Я ўяўляю, з якімі складанасцямі ў адукацыі дзяцей вам даводзіцца сутыкацца. Не хавайце праўду. Нават маленькія дзеці здольныя зразумець, што тое, што адбываецца вакол – гэта ненармальна", — адзначыла Светалана Ціханоўская. А дзецям яна сказала, што рада з'яўленню новага пакалення беларусаў, "якія не вераць прапагандыстам і не церпяць дыскрымінацыі па грамадзянскай пазіцыі, знешнасці, гендэру або рэлігіі".

"Памятайце: гэта вам вырашаць, якой павінна быць краіна і якім павінен быць свет вакол вас", — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Беларускі рэжым працягвае ціск на сістэму адукацыі. Чыноўнікі з Мінадукацыі напярэдадні новага навучальнага года паведамілі, што маюць намер пільна сачыць за настаўнікамі гісторыі і геаграфіі. Яны таксама распарадзіліся прыбраць брытанскія сцягі і выявы лонданскіх аўтобусаў і тэлефонных будак. Паводле версіі чыноўнікаў, не трэба змяшчаць школьнікаў у культуру і гісторыю носьбітаў мовы, іх трэба "вучыць культуры і гісторыі Беларусі на замежнай мове".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі