Букмекеры пачалі прымаць стаўкі на адстаўку Аляксандра Ермаковіча

21/08/2017 - 13:38

Букмекеры пачалі прымаць стаўкі на адстаўку Аляксандра Ермаковіча. Галоўны трэнер БАТЭ церпіць няўдачы па ўсіх франтах: і ў чэмпіянаце Беларусі, і ў еўракубках. Пасля хатняй нічыі 1:1 у матчы плэй-оф Лігі Еўропы з украінскай “Александрыяй”, барысаўчане ў нядзелю сенсацыйна прайгралі дома “Крумкачам” — 2:3 і адстаюць ад "Шахцёра" на 5 ачкоў. На пасляматчавай прэс-канферэнцыі Ермаковіч сказаў: “Я павінен сысці”. Прэс-служба БАТЭ пасля патлумачыла, што ён не меў на ўвазе адстаўку, а хацеў пакінуць памяшканне.

Як інфармуе “Прессбол”, каэфіцыент букмекерскай канторы Maxline на тое, што Аляксандр Ермаковіч сыдзе са сваёй пасады да 1 снежня 2017-га, складае 1,5. На тое, што захавае пасаду — 2,52.

Ермаковічу 42 гады. Галоўным трэнерам БАТЭ ён з’яўляецца ў 2013 года, пасля сыходу Віктара Ганчарэнкі. 24 жніўня БАТЭ гуляе ў гасцях з "Александрыяй" і пазмагаецца за выхад у групавы раўнд Лігі Еўропы.

Фота: Прессбол

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі