Брэсцкае “Дынама” зладзіла музычнае свята футболу (фота)

13/08/2016 - 12:09

Брэсцкае “Дынама” зладзіла ў родным горадзе свята футболу. “Дынама-Брэст Рок-Фэст” адбыўся 12 жніўня на канцэртнай пляцоўцы ў парку культуры і адпачынку “1 траўня”. Мерапрыемства сабрала некалькі сотняў гледачоў.

Клуб “Дынама-Брэст” прэзентаваў на фэсце абноўлены склад каманды. Цягам лета клуб падпісаў 10 новых гульцоў. Пасля сімвалічнага знаёмства з новымі футбалістамі, уся каманда спусцілася са сцэны, каб зладзіць аўтограф-сэсію і ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўляць з заўзятарамі.

Музычнае свята для прысутных зладзілі Drum Ecstasy, M.M. Band і легендарны гурт Крама. Каманда Ігара Варашкевіча, што была хэдлайнерам, зрабіла для брэстаўчан нечаканы падарунак — прэзентавалі беларускамоўны гімн “Дынама-Брэст”. За аснову гімну быў узяты вядомы хіт Крамы — “Бяжы, хлопец”. На старую музыку калектыў наклаў новы тэкст пра брэсцкую футбольную каманду.

Гурт Крама прэзентаваў беларускамоўны гімн ФК “Дынама-Брэст” (відэа)



Ужо сёння, 13 жніўня, брэсцкае “Дынама” сустрэнецца на хатнім полі з бабруйскай “Белшынай”. Пачатак – 18.00.

На дадзены момант брэсцкая каманда займае 12-е месца ў турнірнай табліцы Чэмпіянату Беларусі.

Нагадаем, што напрыканцы ліпеня стала вядома, што ў клуба з’явіўся новы інвестар — кампанія SOHRA Overseas. Яе ўладальнік Поль Даэр носіць тытул шэйха і пражывае ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Да гэтага клуб меў сур’ёзныя фінансавыя праблемы і запазычанасці па заробках футбалістаў. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі