Euroradio
Колькасць хворых на адзёр у Грузіі дасягнула 716 чалавек. У краіне ідзе масавая вакцынацыя для стрымлівання эпідэмічнай успышкі захворвання, інфармуе "Каўказскі вузел".
Паводле дадзеных Нацыянальнага цэнтра па кантролі захворванняў і грамадскага здароўя Грузіі, у краіне зафіксаванае рэзкае павелічэнне колькасці хворых на адзёр.
У прыватнасці, за дзесяць дзён з 16 да 26 студзеня колькасць хворых павялічылася з 312 да 716 чалавек, паведаміў кіраўнік цэнтра Аміран Гамкрэлідзэ. Паводле яго слоў, статыстыка ўзрастае, піша "Газета.ру".
У краіне праводзіцца масавая вакцынацыя ад адру, за апошні тыдзень прышчэплена больш за 22 тысяч чалавек.
"Калі мы ў такім тэмпе працягнем масавую вакцынацыю, то неўзабаве стрымаем эпідэмічную ўспышку адру ў краіне", — цытуе Гамкрэлідзэ "Грузія-анлайн".
Як пісаў "Каўказскі вузел", масавая ўспышка адру была зафіксаваная ў Грузіі летам 2013 года. Тады захварэлі больш за чатыры тысячы чалавек, і больш за тысячу былі шпіталізаваныя з ускладненнямі.