Блогер Леў Беларусаў / кадр з яго акаўнту ў TikTok
З'явіўся працяг ліпеньскай гісторыі з недапалкам, кінутым на Нямізе ў Мінску.
Тады блогер Леў Беларусаў зняў ролік, як хлопец кідае на вуліцы недапалак і мацюкаецца ў адказ на заўвагу. Відэа атрымала шырокі розгалас. Міліцыя затрымала 18-гадовага жыхара Гродзеншчыны, і яму прызначылі 15 сутак арышту.
Цяпер Беларусаў з'ездзіў у Талачын, пасля чаго запісаў зварот да Лукашэнкі. Ён кажа, што яго пазнаў брат удзельніка таго канфлікту. Блогер сцвярджае, што некалькі мужчын пагражалі забіць яго, а іх знаёмы напаў на яго каля вакзала і забраў грошы.
Блогер выклікаў міліцыю, каб яго правялі да цягніка. Аднак яго даставілі ў Талачынскі РАУС, дзе пратрымалі да наступнага дня. Юнак расказвае, што замёрз, адчуваў моцны боль, але хуткую яму не выклікалі і доўга не давалі есці. Таксама міліцыянты, кажа Беларусаў, смяяліся з яго, абражалі, чыталі перапіску і праглядалі фатаграфіі ў тэлефоне.
Малады чалавек сцвярджае, што яго пасадзілі побач з адным з мужчын, якія пагражалі яму. Пры гэты ад блогера запатрабавалі ў прысутнасці гэтага мужчыны назваць адрас і нумар тэлефона. У Беларусава забралі пашпарт і смартфон. Ён просіць праверыць запісы з камер РАУС і нагрудных рэгістратараў міліцыянтаў, а таксама вярнуць яму дакументы і тэлефон.
Відэа набрало больш за 200 тысяч праглядаў і амаль 25 тысяч падабаек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут