“Без Білета” знялі кліп на свой першы хіт "Мая краiна Беларусь" (відэа)

14/04/2016 - 11:49

Мінскі гурт "Без Білета" прэзентуе новы кліп на песню "Мая краiна Беларусь", дзякуючы якой музыкі атрымалі папулярнасць на пачатку 2000-х.

“Пра кліп на гэтую песню мы перыядычна думалі апошнія дзесяць гадоў, — прызнаецца лідар гурта Віталь Артыст. — Прыхільнікі ўвесь час пыталіся, калі будзе кліп, і самі мы хацелі гэта зрабіць, бо адчувалі, што абавязаныя гэтай песні, а кліпа ў яе няма, яна сіратлівая. Таму аднавілі аранжыроўку, зрабілі яе, як нам падаецца, адпаведнай XXI стагоддзю. Ды добра ўклаліся, каб візуалізаваць сваю фантазію”.

У аснову сюжэта кліпа лягла даўняя аўтарская ідэя Віталя Артыста пра свет дзікіх плямёнаў, якія маглі б з'явіцца на беларускай зямлі пасля нашай цывілізацыі. Яны маглі б валодаць нейкімі звышздольнасцямі, аднак шанаваць усе тыя ж жыццёва важныя элементы: агонь, паветра, ваду, зямлю і, вядома, каханне. Здымкі праходзілі ў маляўнічых і экзатычных месцах Беларусі.

“Усе кадры былі знятыя ў Беларусі, усе горы, якія з’яўляюцца ў кліпе, знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, — тлумачыць даволі незвычайны для Беларусі ландшафт у кліпе Віталь. — Паколькі гэта фэнтэзі, то такое наша бачанне: Беларусь можа быць не толькі плоскай, а і ландшафтнай, гарыстай і можа нават мора з’явіцца. І гэта вельмі добра адбіваецца на тэмпераменце нацыі. Бо, на наш погляд, чым багацейшы ландшафт, тым людзі больш энергічныя”.

Завяршаецца кліп масленічнай народнай песняй, што таксама крыху не адпавядае карцінцы. Але і на гэта ў Віталя ёсць сваё тлумачэнне:

“Масленіца — гэта перш за ўсё адраджэнне. То бок прыходзіць лета, нараджаецца жыццё… Гэты кліп, мне падаецца, у пэўнай ступені можа пакласці пачатак духоўнаму адраджэнню маладой Беларусі”.

Самі музыкі называюць відэа альтэрнатыўнай візітнай карткай Беларусі — “з гарамі, але без трактароў ды вышыванак”.

Спампаваць новую версію песні “Мая краіна Беларусь” і яе караоке-версію на (у песні паўтараюцца тры словы) можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі