"Белнафтахім" патлумачыў, чаму не зніжае цэны на бензін

05/02/2016 - 15:03

Канцэрн "Белнафтахім" патлумачыў, чаму цэны на бензін не зніжаюцца пры падзенні цэн на нафту. На яго афіцыйным сайце адзначаецца, што на працягу мінулага года і ў пачатку 2016-га ў Беларусі рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва, устаноўленыя ў беларускіх рублях, не змянялiся. Пры гэтым зніжаліся цэны ў доларавым эквіваленце, звяртае ўвагу "Белнафтахім".

На 1 ліпеня 2015 года рознічная цана на аўтабензін АІ-92 складала 0,72 долара за літр, на 5 лютага 2016 года — 0,52 долара (амаль на 28% менш), дызельнага паліва — 0,78 і 0,55 адпаведна (на 29,5% менш). Тона нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь на гэтыя даты, каштавала 255,88 і 182,63 долара (зніжэнне склала амаль 29%).

"У валютным эквіваленце цэны зніжаліся прапарцыйна кошту нафты, якую беларускія НПЗ закупляюць у Расійскай Федэрацыі за валюту па цэнавай формуле", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы канцэрна. Атрымліваецца, што з 1 ліпеня мінулага года да сённяшняга дня ў доларах з улікам курсу беларускага рубля рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва знізіліся гэтак жа, як і кошт нафты, у сярэднім на 28,7%.

"Белнафтахім" звяртае ўвагу і на той факт, што кошт паліва на беларускіх аўтазапраўках застаецца самым нізкім сярод суседніх краін, акрамя Расіі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі