У Расіі пары беларусаў давялося перажыць адну з самых цяжкіх начэй у жыцці / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Сям'я беларусаў спрабавала ўцячы ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі ва Украіну праз Расію. На мяжы іх схапілі расійскія вайскоўцы, пагражалі "пасадзіць на бутэльку" і шукалі татуіроўкі са свастыкамі, "як ва ўкранацыстаў".
Пара расказала Еўрарадыё, як перажыла здзекі і знявагі ад "братоў". Пасля вызвалення яны ўсё яшчэ хаваюцца ў Расіі, плануюць зноў уцякаць і шукаюць падтрымкі. Расказваем іх гісторыю.
У сакавіку Аляксандра на два месяцы пасадзілі ў СІЗА, а потым асудзілі на два гады "хіміі" па артыкуле 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Да разгляду апеляцыі яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Жонку Аляксандра Наталлю сталі выклікаць у міліцыю і таксама зрабілі невыязной. Тады ж мясцовыя ўлады заявілі, што закрыюць іх сямейны бізнес.
У ліпені муж і жонка вырашылі разам з дачкой-студэнткай уцякаць у Грузію праз Расію, не чакаючы суда.
Паколькі база невыязных у Расіі з Беларуссю агульная, выехаць удалося толькі дачцэ. А Наталля з Аляксандрам адважыліся на адчайны крок — прарывацца з Расіі ва Украіну. Вайна палохала, але палічылі, што гэта бяспечней, чым знаходзіцца ў Беларусі ці ў Расіі.
— Я сачыў у тэлеграме за інтэрактыўнымі мапамі баёў. У раёне стыку Харкаўскай і Сумской абласцей была пазначана нічыйная зона. Думаў, ахова там слабая, — расказвае Аляксандр.
Некалькі сутак яны пражылі ў Белгародскай вобласці ў машыне. Двойчы спрабавалі ісці на мяжу. Першы раз трапілі ў балота і вярнуліся. Другі раз іх злавілі расіяне.
— Мы выйшлі пад ноч, кінулі машыну за два кіламетры ад мяжы. І 200 метраў да лініі мяжы не дайшлі. Нас затрымалі вайскоўцы. Нас не білі, але пастралялі над галавой. Я былы вайсковец — мяне гэтым не возьмеш, а жонка перапалохалася да істэрыкі.
Расійскія вайскоўцы аказаліся маладымі хлопцамі. Паводзілі яны сябе дзіўна.
— Было такое ўражанне, што яны ўкураныя, — кажа Наталля. — Пашыраныя зрэнкі былі, іх настрой рэзка мяняўся. Мала таго, яны ўвесь час пілі піва.
Патруль па рацыі выклікаў памежнікаў, тыя павезлі беларусаў на расійскую памежную заставу. Там мужа і жонку развялі па розных камерах.
Дапытвалі іх тыя самыя вайскоўцы, якія затрымалі пару. На Аляксандра маральна ціснулі. Але гэта нічога, адзначае суразмоўнік. Наталлі давялося нашмат горш.
— Адзін з іх крычаў, што мужа будуць біць гадзінамі, а я буду слухаць, — успамінае наша суразмоўніца. — І што будуць гвалтаваць мяне, а муж будзе слухаць. Ён патрабаваў, каб мы ўсё расказалі. Яны думалі, што мы наводчыкі нейкія.
Калі разбіралі нашы рэчы, мне сказалі раздзявацца для агляду. Я сказала: "Вы не маеце права, гэта павінна рабіць жанчына". На што адразу быў крык і пагрозы. Потым яны прынеслі бутэльку, з якой выпілі піва. Мае рукі прышпілілі да верхняга яруса ложка. Адзін казаў, што зараз прыйдуць усе і мяне па крузе пусцяць, і на бутэльку... Ён дакранаўся да маёй шыі і гэтак далей, непрыемна. На вуха, як маньяк, казаў, што будзе рабіць.
Яшчэ ў Наталлі спыталі, ці ёсць татуіроўкі. Сказалі, шукаюць свастыку, бо ва Украіну могуць ісці толькі нацысты. Спалоханая Наталля схлусіла, што татуіровак няма. Пры аглядзе гэта стала новай падставай для крыкаў і пагроз. Так працягвалася да раніцы.
Пагрозы разбаўляліся размовамі пра "ўкраінскіх нацыстаў". Вайскоўцы расказвалі, што "ўкранацыкі" ўжо расстралялі пару, якая спрабавала прайсці з Расіі ва Украіну, а іншую затрымалі і тыднямі гвалтавалі жонку.
— Яны замбаваныя. Кажуць, што ў іх такой інфармацыі поўна, што ім відэа паказвалі, а мы тут NEXTA нагледзеліся, — кажа Аляксандр.
Пад раніцу вырашылі, што Наталля і Аляксандр усё ж не наводчыкі.
— Прыйшлі два памежнікі. Вельмі добразычліва далі напісаць паперу, што мы парушылі рэжым знаходжання ў памежнай зоне і ніякіх прэтэнзій да памежнікаў не маем.
Сужэнцам аддалі ўсе рэчы, акрамя сцізорыка. Потым надзелі мяшкі на галаву і павезлі з памежнай заставы. З іх узялі штраф — 2 тысячы расійскіх рублёў.
— Памежнікі нас прывезлі проста да нашай машыны. Мы некалькі дзён сноўдаліся, шукалі, куды паехаць. Цяпер усё яшчэ ў Расіі ў віру на калу.
Пара спадзяецца, што фонд BYSOL дапаможа з эвакуацыяй. Яны плануюць уз'яднацца з дачкой у Польшчы.
Сям'я адкрыла збор на рэлакацыю і пражыванне на першы час. Падтрымаць Аляксандра і Наталлю можна тут. Фонд BYSOL верыфікаваў гэты збор, але сам вылучыць сродкі не можа.
— Персанальныя зборы створаны, каб людзі маглі самастойна збіраць сродкі на свае патрэбныя. Сёння ў нас няма сродкаў на пакрыццё тых патрэбаў, якія апісаны ў гэтым зборы, — каментуе Еўрарадыё кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут