Мытня, ілюстрацыйнае фота / lrmuitine.lt
Беларускія мытнікі сталі больш жорстка кантраляваць легкавікі на мяжы з Расіяй. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з MayDay.
У мінулую пятніцу, 31 ліпеня, кіроўцы, якія ехалі з Масквы ў Мінск па галоўнай трасе М1 бачылі, як на беларускім баку за паўкіламетра ад расійскага памежнага пункта былі спыненыя каля пяці легкавых аўтамабіляў. Усё змесціва машын было раскладзенае проста на траве на ўзбочыне.
Раней узмоцненую праверку ўжывалі ў дачыненні да мікрааўтобусаў, якія вярталіся з закупаў на маскоўскіх рынку "Садоўнік". Кантролю легкавых аўто дагэтуль не было. Афіцыйна на мяжы з Расіяй беларускіх памежнікаў няма, а кантролем займаюцца мытнікі.
Таксама праваабаронцы пішуць, што ў Расіі стварылі "добраахвотныя народныя дружыны (ДНД) па абароне дзяржмяжы". Іх падраздзяленні ўзніклі ва ўсіх прымежных райцэнтрах пад патранажам памежнага ўпраўлення ФСБ РФ па Смаленскай вобласці. Гэтыя дружыннікі выстаўляюць патрулі на аб'язных дарогах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут