Юлія Цімафеева / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку
Беларуская паэтка Юлія Цімафеева атрымала прэстыжную нямецкую прэмію Hilde-Domin-Preis. Такім чынам была адзначаная яе кніга вершаў "Кровазварот", паведамляе ў сацсетках яе муж пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
Прэмія названая ў гонар вядомай паэткі Гільдэ Домін (1909-2006) і існуе з 1992 года. Яе прысуджаюць раз на тры гады аўтару ці аўтарцы, якія жывуць у Германіі і працуюць з тэмай эміграцыі.
"У сваёй творчасці, асабліва ў паэтычным цыкле "Кровазварот" (Edition Fototapeta, 2025), беларуская паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева выкарыстоўвае ўласны досвед выгнання як адпраўную кропку для разважанняў у тонка сплеценых вобразах пра перажыванні і ўспаміны пра дом, уцёкі, выгнанне і "прыбыццё". Робячы гэта, яна вяртаецца да гісторыі крывавага 20-га стагодзьдзя — да Чарнобыля, а таксама да нацысцкіх лагераў прымусовай працы, — праз якую прайшлі члены яе сям'і", — гаворыцца ў афіцыйнай фармулёўцы ўзнагароды.
Па-беларуску "Кровазварот" выйшаў у 2025 годзе ў выдавецтве "Янушкевіч". Нямецкі пераклад кнігі, які зрабіла Ціна Вюншман, пабачыў свет пры канцы 2025 года ў берлінскім выдавецтве Edition Fototapeta.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут