Беларусь гатовая на супрацу з "Уралкаліем" пры захаванні сваіх інтарэсаў на 200%

09/03/2017 - 15:40

Беларусь гатовая супрацоўнічаць з кампаніяй "Уралкалій", але інтарэсы нашай краіны павінны быць захаваныя на 200%. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 сакавіка, калі заслухоўваў даклад пра дзейнасць Беларускай калійнай кампаніі, перадае яго прэс-служба.

У сустрэчы з кіраўніком дзяржавы ўдзельнічалі гендырэктар Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец, гендырэктар ААТ "Беларуськалій" Іван Галаваты і старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Ігар Ляшэнка.

Кіраўнік Беларусі паведаміў, што прадстаўнікі расійскай кампаніі ўжо не першы раз звяртаюцца да яго з просьбай аднавіць ўзаемадзеянне з "Беларуськаліем". Супраца паміж "Беларуськаліем" і "Уралкаліем" была скасаваная ў 2013 годзе. Скасаванне супрацы суправаджалася гучным сканадалам, калі КДБ затрымаў гендырэктара кампаніі Уладзіслава Баумгертнера, запрошанага ў Мінск на перамовы кіраўніком урада Міхаілам Мясніковічам.  

Па словах Лукашэнкі, расійскай кампаніі стала цяжкавата працаваць у адзіночку, і яе новае кіраўніцтва прапанавала вярнуцца да сумеснай працы.

Беларускі кіраўнік раней даручаў распрацаваць варыянты сумеснай працы "Беларуськалія" і "Уралкалія". "Але там інтарэсы Беларусі павінны быць захаваныя ўжо на 200%, а не на 100%. Мы ўжо наеліся гэтай сумеснай працы, таму калі працаваць разам, то — з тэрыторыі Беларусі, сумленна і прынцыпова дамовіўшыся па ўсіх пытаннях, і ў гэтым ключы дзейнічаць. Мы не пойдзем ні на якія саступкі, але да кампрамісаў гатовыя. Але гэтыя кампрамісы павінны быць узаемавыгаднымі", — патлумачыў сваю пазіцыю Лукашэнка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі