Баі ў Кіеве і новыя гуманітарныя калідоры — 15-я раніца вайны

10/03/2022 - 06:35
Жылы масіў у Харкаве пасля абстрэлу / @uniannet

На заходняй ускраіне Кіева раніцай у чацвер ідуць баі, чутная артылерыя, паведамляе "Громадске" са спасылкай на дарадцу міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзіма Дзенісенку. Украінскія ваенныя кажуць, што ноччу зладзілі тут контратаку, "падбілі пяць танкаў".

Мінулай ноччу расійская авіяцыя бамбіла наваколлі Сум і вёскі Біціца. Гэта вядома з паведамлення кіраўніка Сумскай адміністрацыі Дзмітрыя Жывіцкага. Зноў бамбілі Ахтырку. Жывіцкі таксама паказаў, як выглядае Ахтырка пасля папярэдняга бамбавання расійскай авіяцыяй.

Інфраструктура Ахтыркі цалкам знішчана, кажа кіраўнік мясцовай адміністрацыі / @Zhyvytskyy

Паветраныя трывогі ноччу гучалі ў Валынскай і Ровенскай, Цярнопальскай і Івана-Франкоўскай абласцях.

Пра вельмі цяжкую сітуацыю казаў мінулай ноччу кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай. Па яго словах, ідуць бясконцыя баі, 27 населеных пунктаў абясточаныя.

Ноччу стала вядома аб новых гуманітарных калідорах, па якіх людзі змогуць выехаць з зоны баявых дзеянняў. На Сумшчыне, у прыватнасці, такіх калідораў 10 сакавіка будзе тры: у Палтаву плануюць вывезці людзей з Сум, Трасцянца і Краснаполля.

За 8-9 сакавіка з Сум, па словах кіраўніка мясцовай адміністрацыі, вывезлі каля 50 тысяч чалавек. У тым ліку насельнікаў мясцовага Дома малюткі. Іх пакуль пагадзілася прыняць Германія. 

Эвакуацыя ў Сумскай вобласці / @Zhyvytskyy

Мінулай ноччу афіцыйны прадстаўнік Пентагона Джон Кірбі зноў каментаваў сітуацыю з (не)перадачай Украіне баявых самалётаў МіГ-29. І зноў сказаў, што перадача знішчальнікаў з'яўляецца не лепшым варыянтам абараніць украінскае неба.

Паводле яго слоў, лепшы спосаб падтрымаць украінскую абарону — гэта даць ёй зброю і сістэмы супрацьтанкавай і супрацьпаветранай абароны. Акрамя таго, адзначыў Кірбі, "ВПС Украіны маюць некалькі эскадрылляў цалкам баяздольных самалётаў".

"Паводле нашых ацэнак, даданне самалётаў наўрад ці істотна зменіць эфектыўнасць ВПС Украіны ў параўнанні з магчымасцямі Расіі. Таму мы лічым, што выгада ад перадачы гэтых МіГ-29 з'яўляецца невялікай", — сказаў спікер Пентагона. Яго цытуе "Громадске".

Украіна прасіла Захад аб'явіць над Украінай беспалетную зону ці хаця б дапамагчы краіне з авіяцыяй. Польшча была гатовая перадаць знішчальнікі ЗША, каб тыя аддалі іх Кіеву. Але і ЗША не вырашаюцца на гэты крок, бо асцерагаюцца прамога канфлікту з Расіяй.

На фоне гэтых спрэчак у Польшчу прыбыла віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Гарыс. Сёння яна павінна сустрэцца з прэзідэнтам краіны Анджэем Дудам, прэм'ер-міністрам Матэвушам Маравецкім і ўкраінскімі бежанцамі.

Горад Сумы / @Zhyvytskyy

Між тым, журналіст Bellingcat Хрысто Грозеў мяркуе, што Расія можа паспрабаваць замарозіць вайну з Украінай, калі "будзе незразумела, скончылася вайна ці не".

"Гэта пытанне тыдня або, магчыма, 10 дзён. Пазіцыі Расеі становяцца слабейшымі, яны гэта разумеюць, ім будзе больш выгадна не называць гэтую вайну скончанай", — сказаў журналіст у інтэрв'ю Алесі Бацман.

На яго думку, тут важную ролю можа адыграць унутрырасійская палітычная барацьба, якая можа прывесці да змены рэжыму.

Між тым, з пачатку вайны па стане на 9 сакавіка ва Украіне загінулі 516 мірных грамадзян, 908 атрымалі раненні.Гэта дадзеныя Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі