Аўтуховіч пачаў патроху есці турэмныя кашы, але не мае сілы адказваць на лісты

16/08/2022 - 12:35

Мікалай Аўтуховіч пасля галадоўкі пачаў ужо есці турэмныя кашы. Аднак вязень яшчэ вельмі слабы, у яго нізкі ціск, перадае Радыё "Свабода".

Ёсць падазрэнні, што ў яго праблема з ныркамі — пра гэта сведчаць моцныя ацёкі.

Сваякі паведамляюць, што Аўтуховічу перадалі пладовыя і мясныя дзіцячыя пюрэ, мёд, з дапамогай якіх ён плануе выходзіць з галадоўкі. 

Таксама паведамляецца, што вязень атрымаў некалькі лістоў ад маці і адзін ад дачкі. Аднак адказваць на лісты ён пакуль не мае сілы.

Аўтуховіч 21 дзень трымаў сухю галадоўку. Ён патрабаваў, каб яму пачалі перадаваць лісты — вязня пазбаўлялі лістоў нават ад маці. 

З 8 жніўня яго сталі прыводзіць на суд. Мужчыну прымушаюць падымацца, калі адказвае на пытанні, хоць ён кажа, што яму гэта дужа цяжка. Падчас галадоўкі турэмны медык аглядаў вязня і казаў, што той у парадку, а ягоныя болі назваў "бытавой з'явай".

"Групу Аўтуховіча" судзяць па шэрагу абвінавачанняў, у тым ліку "тэрарстычных". Іх вінавацяць у падпале дамоў і машын сілавікоў. Абвінавачанымі па справе праходзяць 12 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі