"Аўтазак павінен быць чыстым": сын мэра Віцебска пра затрыманне і правасуддзе

03/11/2020 - 16:54
Філіп Заранкін (злева) і Вадзімір Заранкін / Facebook

Суд адправіў на дапрацоўку справу Вадзіміра Заранкіна — сына віцебскага кіраўніка горада і супрацоўніка амерыканскай амбасады. 12 кастрычніка Вадзімір быў жорстка затрыманы каля мінскага супермаркета "Рыга". Ён правёў двое сутак у ІЧУ ў Жодзіне. 

Вадзімір распавёў Еўрарадыё пра падрабязнасці яго затрымання, умовы ў ІЧУ і адносіны з бацькам.
 

"Не думаю, што гэта было мэтанакіраванае затрыманне"

12 кастрычніка каля 11 гадзін вечара Вадзімір Заранкін паехаў па прадукты ў супермаркет "Рыга". Калі ён выйшаў з крамы і сеў у машыну, каб ехаць дадому, да яго аўтамабіля падляцелі некалькі сілавікоў. Яны вельмі хутка разбілі бакавое шкло.

Я зразумеў, што трэба выходзіць. Некалькі чалавек у шлемах з дубінкамі без якіх-небудзь апазнавальных знакаў паклалі мяне тварам на асфальт, скруцілі рукі за спінай, было ўслед некалькі удараў дубінкай. Яшчэ адзін сілавік ударыў кулаком у вока. Потым мне надзелі капюшон на галаву і павялі ў бок мікрааўтобуса. "Закінулі" на падлогу ў бус, на мяне паклалі яшчэ пару чалавек, — успамінае Вадзімір.

У той час каля "Рыгі" зусім не было пратэстоўцаў. Вадзімір не разумее, чым была выкліканая "зачыстка", пад якую трапіў ён і іншыя выпадковыя мінакі. "Але я не думаю, што гэта было мэтанакіраванае затрыманне мяне", — кажа ён.

Двума тыднямі раней у Мінску пры падобных абставінах затрымалі роднага брата Вадзіміра Філіпа Заранкіна. Яго пакаралі 13 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Так выглядала машына Вадзіміра Заранкіна пасля затрымання / Facebook

20 чалавек у 10-меснай камеры

Вадзіміра разам з іншымі затрыманымі прывезлі ў Савецкае РУУС. Там ён правёў некалькі гадзін. Паводле слоў Заранкіна, стаўленне міліцыі да іх было неадэкватна строгім — як да злачынцаў.

— У РУУС усіх паставілі ў падвале на калені, галаву ўніз, на руках — сцяжкі. Пазней мы некалькі гадзін стаялі тварам да сцяны. То нас на камеру здымалі, то апытанні праводзілі, — расказвае Вадзімір. — Патрабавалі пін-коды ад мабільных тэлефонаў. Я адмовіўся. З маім адвакатам і сваякамі ніхто не звязаўся.

Пасля таго, як Заранкіну прад'явілі пратакол аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, яго адправілі ў ІЧУ ў Жодзіна. У аўтазаку, успамінае Вадзімір, былі ў асноўным такія ж выпадкова затрыманыя каля "Рыгі":

— Ехалі мы ў Жодзіна на каленях. Некалькі чалавек былі збітыя. У аднаго хлопца цякла кроў з носа, за час паездкі з'явілася цэлая лужына крыві. Калі прыбылі ў Жодзіна, хлопца прымусілі яе выціраць. "Аўтазак павінен быць чыстым", — сказаў сілавік.

Хтосьці ішоў з дня нараджэння, хтосьці — з трэнажорнай залы, хтосьці — з працы, з ссабойкай. Мужчына спрабаваў растлумачыць сілавікам: "Ну які мітынг, я ж з ссабойкай!"

У ІЧУ Вадзіміра разам з 19 зняволенымі змясцілі ў камеру на 10 чалавек. Было цесна, няўтульна, спаць даводзілася седзячы. Мужчынам не выдалі матрацы і бялізну, не кармілі амаль цэлыя суткі. Пазней Заранкіна і яшчэ 7 чалавек перамясцілі ў 8-месную камеру — халодную, таксама без бялізны і нармальнай ежы. 

— Калі пачаўся суд, суддзя ўлічыла маё хадайніцтва аб допуску абаронцы. Таму паседжанне перанеслі на тыдзень і мяне выпусцілі 14 кастрычніка, — дадае Вадзімір.

Але суд так і не адбыўся. Разгляд справы спачатку перанеслі, а цяпер адправілі на дапрацоўку. Вадзімір прызнаецца, што "было б спакайней адразу атрымаць рашэнне, чым чакаць, што там у Савецкім РУУС "дапрацуюць".
 

"Бацька па-чалавечы падтрымлівае"

У размове з сілавікамі Вадзімір не згадваў аб тым, што ён сын віцебскага мэра Вадзіма Заранкіна. Але пра гэта даведаліся яго сукамернікі.

Вадзіма Заранкіна (злева ад Аляксандра Лукашэнкі) прызначаюць на пасаду старшыні Віцебскага гарвыканкама / belta.by

— Абмяркоўвалі палітыку, і хтосьці ўспомніў гісторыю пра майго брата. Я, вядома, не мог прамаўчаць, расказаў, што Філіп — мой родны брат.

— А якія ў вас адносіны з бацькам зараз? Ён вас падтрымлівае?

— Мы з ім абмяркоўваем розныя тэмы, па-чалавечы ён нас падтрымлівае. Бацька выдатна ведае пра нашу з братам пазіцыю. Сітуацыя неадназначная, але ў нармальным свеце бацька за сына не адказвае, бо ўсе дарослыя людзі. У нашых рэаліях, вядома, гэта можа пагражаць яму чымсьці. Але бацьку пакуль не звольнілі.

Я думаю, што цяпер аб'ектыўна нельга быць не ў курсе таго, што адбываецца. Маючы сваю пазіцыю, ты яе выказваеш або маўчыш. Я вось выказваю. 

Вадзім Заранкін заступіў на пасаду старшыні Віцебскага гарвыканкама ў лютым 2020 года. Да гэтага ён узначальваў абласны камітэт дзяржкантролю. 20 жніўня Заранкін удзельнічаў у праўладным мітынгу "За Беларусь". Тады віцебскі Летні амфітэатр сабраў некалькі тысяч прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Яго старэйшаму сыну Вадзіміру 32 гады, ён працуе ў пасольстве ЗША ў Мінску, займаецца праграмамі па абмене. Малодшаму сыну Філіпу 28 гадоў. Ён скончыў мехмат БДУ, працаваў у Віцебскім дабрачынным таварыстве, два гады таму сышоў у IT-сферу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі