“Седзячы на Акрэсціна, я часам успамінала словы міліцыянера, які, чытаючы маю справу, сказаў: “Паглядзіце, вы трапляеце ўжо пяты раз, няўжо вы не разумееце, што дзяржава гуляе ў несумленныя гульні?” — расказвае Еўрарадыё спецыялістка па івэнтах Юлія Міхайлава. Дзяўчына адседзела 25 сутак на Акрэсціна пасля таго, як 6 красавіка прагулялася па праспекце Пераможцаў у Мінску з белым парасонам (у пратаколе напісана “бел-чырвона-белы”).
Таксама быў затрыманы яе брат Пётр, які ў той момант быў разам з ёй (збіраўся ехаць на курсы праграмавання). Пазней да Юлі дадому прыйшлі з ператрусам, за якім адбыўся шэраг затрыманняў і выклікаў у РУУС іншых сваякоў.
Юлія Міхайлава: Мяне затрымлівалі пяць разоў. Першы раз за чырвоны аркуш, другі за чырвоную ружу, трэці — на Плошчы Перамен, калі ставіла лампадку, чацвёрты — ішла па праспекце, ну і апошні — за тое, што пагуляла з парасонам. Розніцы амаль ніякай няма. Калі складаюць пратаколы, увесь час дадаюць тое, чаго не было. З іх боку — гэта непрыгожа. Тыя, хто павінен вучыць людзей паважаць закон, самі ж яго парушаюць. Ну як? Ад гэтага, зразумела, губляецца павага да іх. Яшчэ большае ўсведамленне гэтага ўсяго было самым складаным за ўсе 25 сутак.
Еўрарадыё: Што больш за ўсё зачапіла?
Юлія Міхайлава: Я ведала, што супрацоўнікі МУС беспрынцыповыя, але гэтым разам адчула і перажыла ўсю глыбіню беззаконня на сабе. Цяпер у іх пачаўся новы метад запалохвання. Сілавікі пачалі хапаць не толькі тых, хто выказвае актыўна пазіцыю, але і браць у закладнікі іх родных і блізкіх. Як грамадзянка, якая паважае Канстытуцыю, я не люблю парушаць законы. Лічу, што шпацыруючы па вуліцы, не рабіла нічога недазволенага. Але, ну добра, я прагулялася з парасонам, вы там прыдумалі вынесці мне свой прысуд. Але пры гэтым затрымліваць маіх бацькоў, братоў, сясцёр з пасылам, каб мне было непанадна, маўляў, такі ўрок? Прабачце, гэта быў мой выбар. Маці ўвогуле сказалі: “Вось вы выгадавалі такую дачку, дзякуючы гэтаму і трапілі сюды”. Гэта дзіўна. Ці вось мне казалі: “Ты паўдзельнічала, таму твой брат будзе сядзець на сутках”. Я кажу, разумееце, што гэта вы ўзялі на сябе адказнасць схапіць яго, затрымаць і даць яму суткі. Я ў гэтым не вінаватая. Я нічога не рабіла. Гэта вы вінаватыя, што затрымалі маіх родных. Не трэба цяпер на мяне перакладаць вашы незаконныя дзеянні.
Еўрарадыё: Як прайшлі суткі на Акрэсціна?
Юлія Міхайлава: 25 сутак — гэта шмат, амаль месяц жыцця. Дні цягнуцца доўга, сядзіш і адчуваеш, колькі губляеш часу. Умовы сталі больш жорсткімі. Больш людзей размяшчаюць у адну камеру. Але гэта ўсё можна перажыць, калі разумееш, што на свабодзе цябе чакаюць твае родныя, сябры, суседзі — вось гэта вельмі падтрымлівае. Таму можна ўзяць сябе ў рукі і перажыць тое, што ты там.
Калі мяне толькі прывезлі ў ЦІП, адзін з супрацоўнікаў падышоў да мяне і пытаецца: “Слухайце, вас тут б’юць, гвалцяць, а вы сюды вяртаецеся. Вам тут падабаецца?” Канешне, я адказала, што тут не б’юць, не гвалцяць і ехаць мне да іх зусім не хацелася. Потым адвялі на трэці паверх, у 22-ю чатырохмесную камеру. Наколькі памятаю, нас было 20 чалавек. Спалі па двое — на шконках, на падлозе, на лаўцы, на стале. Яшчэ з намі была Ала Ільінічна — гэта такая легендарная бяздомная жанчына, якая увесь час сядзіць з нашымі палітычнымі. Нам расказвалі, што яна сядзела нават з Вольгай Хіжынковай.
Тры разы на дзень у нас была праверка. Двойчы падымалі ноччу, называлі прозвішча, трэба было гаварыць імя і імя па бацьку. Кожную раніцу ў час дзённай праверкі нам у камеру залівалі хлёрачку — дэзынфікавалі пакойчык, таксама раскідвалі па падлозе рэчы. Супрацоўнікі гаварылі, што робяць гэта ўсё, каб нам больш не хацелася сюды вяртацца. Але, як мне здаецца, што ЦІП, ІЧУ, турма — гэта наогул не тыя месцы, куды хочацца вярнуцца. Каму падабаецца абмежаванне свабоды? Значна лепей, калі ты можаш гуляць па вуліцах, дыхаць свежым паветрам, назіраць за сонейкам, калі хочацца.
Еўрарадыё: Колькі разоў за ўвесь час вас выводзілі на шпацыр?
Юлія Міхайлава: Каб выйсці пагуляць, мне давялося адказваць на камеру на пытанні накшталт “Чаго вы сюды трапілі?”, “Як умовы ў ЦІП?”, “Ці будзеце яшчэ трапляць?”. Такія ўмовы. Ведаючы, што са мною сядзяць дзяўчаты, якія больш за 20 сутак не бачылі сонца, а таксама тыя, што толькі прыехалі і, магчыма, таксама няхутка яго пабачаць, я пагадзілася. Дарэчы, з намі таксама сядзелі мама Сяргея Міронава (“Хлопатнае дзельца”) і экскурсавод Наташа Петухова. Мне так захацелася, каб яны падыхалі свежым паветрам, я адказала на пытанні, і мы схадзілі на вуліцу. Вельмі прыемна было пабачыць сонейка першы раз за 25 сутак.
Дарэчы, у РУУС мяне таксама здымалі на відэа. Спачатку — жанчына. На ўсе пытанні я адказвала, што карыстаюся канстытуцыйным артыкулам, які дазваляе мне не сведчыць супраць сябе. Прайшоў нейкі час, прыйшлі двое мужчын (здаецца, што яны не супрацоўнікі РУУС, але магу памыляцца) і вырашылі перазняць відэа. Яны паводзілі сябе агрэсіўна: раўлі і патрабавалі, каб я, адказваючы на пытанні, не ўсміхалася. Мяне здзівіла, што для іх гэта было важна. Я адказала, што не магу не ўсміхацца, — магчыма, нешта нервовае.
Еўрарадыё: З якімі думкамі вы выйшлі на волю?
Юлія Міхайлава: Метады катавання, якія ўжываюць да нас сілавікі, насамрэч не могуць спыніць чалавека, які паважае сябе. Мне здаецца, наадварот: пасля сутак чалавек яшчэ больш будзе адстойваць свае пазіцыі і змагацца за тое, каб людзі, якія катуюць, таксама адказалі за свае дзеянні.
Пасля кожнага затрымання я ўсё больш разумею, што беларусам неабходна падтрымліваць адно аднаго, бо салідарнасць — вельмі моцная рэч, якая не дае нам упадаць у маркоту. Таксама дапамагаюць думкі пра тых, хто цяпер сядзіць у турмах, ці пра тых, каго гэты рэжым пазбавіў жыцця. Я разумею, што чым хутчэй людзі, якія бясчынствуюць, адкажуць перад судом за свае дзеянні, тым менш людзей пацерпіць ад дзеянняў рэжыму. Гэта і дае веру і цярпенне ісці кожны дзень да мэты, хай нават маленькімі крокамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут