Арменія: "контррэвалюцыі не будзе"

03/10/2018 - 15:01
JAMnews

"Контррэвалюцыйны" закон

У Арменіі зноў палітычны крызіс: вечарам 2 кастрычніка парламент прыняў пастанову, якая перашкаджае правядзенню пазачарговых парламенцкіх выбараў.

Пасяджэнне нечакана склікала былая кіруючая Рэспубліканская партыя Арменіі, якая працягвае ўтрымліваць большасць у парламенце нават пасля "аксамітнай рэвалюцыі", якая адбылася вясной гэтага года. Меркавалася, што пазачарговыя выбары ў армянскі парламент пройдуць да траўня 2019 года. Але прэм'ер-міністр Нікол Пашынян вырашыў паскорыць працэс і заявіў, што яны адбудуцца ўжо ў снежні 2018-га.

Тады "рэспубліканцы" і прапанавалі прыняць законапраект, які не дазволіць распусціць парламент. За гэта прагаласавалі ўсе дэпутаты ад Рэспубліканскай партыі, а таксама ад партыі "Дашнакцуцюн" і блока "Царукян". Не ўзялі ўдзел у галасаванні толькі прадстаўнікі блока "Елк" — фракцыі прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна.

Такім чынам апаненты Пашыняна спрабуюць захаваць свае пазіцыі — гэта значыць пакінуць пад сваім кантролем парламент, каб тармазіць рашэнні ўрада.

У адказ на гэта прэм'ер-міністр Нікол Пашынян (які трыумфальна прыйшоў да ўлады вясной 2018 на хвалі "аксамітнай рэвалюцыі") зноў вывеў на вуліцы Ерэвана тысячы пратэстуючых.

Прама на мітынгу Пашынян падпісаў загады аб звальненні ўсіх міністраў і губернатараў ад "Дашнакцутюн" і "Квітнеючай Арменіі" — партый, якія падтрымалі законапраект "рэспубліканцаў".

Прэм'ер настойвае на датэрміновых парламенцкіх выбарах, з-за таго, што парламенцкая большасць па-ранейшаму належыць дэпутатам, якія прадстаўляюць ранейшую ўладу. Гэта не адпавядае рэальнай палітычнай сітуацыі ў краіне, падкрэслівае Нікол Пашынян.

 

"Не раздражняць людзей"

Пасля перамоваў з парламентарыямі Пашынян выйшаў да мітынгоўцаў і абвясціў, што контррэвалюцыі не будзе.

На днях ён сыдзе ў адстаўку, але гэта — тактычны ход. На працягу сямі дзён пасля гэтай адстаўкі парламент павінен будзе абраць новага прэм'ера. І калі абранне двойчы праваліцца, па законе, у краіне павінны быць праведзеныя пазачарговыя парламенцкія выбары.

"У краіне палітычны крызіс, які неабходна пераадолець. Прадстаўнікі фракцый Рэспубліканскай партыі, блока "Царукян" і "Дашнакцуцюн" пагадзіліся з гэтым, — сказаў Пашынян, выступаючы перад натоўпам у ноч на 3 кастрычніка. — Я прапанаваў наступны варыянт: у бліжэйшыя дні падам у адстаўку і чакаю, што рэспубліканцы і іншыя дэпутаты не стануць раздражняць людзей".

Паводле яго слоў, "раздражненне ў людзей" будзе непазбежным, калі "Царукян" ці "Дашнакцуцюн" вылучаць на прэм'ерскую пасаду сваіх кандыдатаў.

"Гэта выкліча, мякка кажучы, негатыўную рэакцыю. Правільным будзе падпісаць дакумент, згодна з якім, я пайду ў адстаўку, а выбары двойчы не адбудуцца. Затым у снежні правядзём пазачарговыя выбары ў парламент", — падзяліўся планам прэм'ер-міністр.

Па словах Пашыняна, парламентарыі запэўнілі яго, што вылучаць сваіх кандыдатаў не стануць. Але ўжо на раніцу стала вядома пра сустрэчныя ўмовы "рэспубліканцаў", "Дашнакцуцюн" і "Квітнеючай Арменіі" — яны згодныя не вылучаць свайго кандыдата ў тым выпадку, калі выбары ў парламент пройдуць не ў снежні, а ў траўні.

На другі дзень пасля начнога мітынгу Міністэрства аховы здароўя Арменіі паведаміла, што ў цісканіне пацярпелі чатыры чалавекі, прычым адзін з іх досыць сур'ёзна — у яго спынілася сэрца і лекарам давялося правесці дэфібрыляцыю. Але абышлося без ахвяр.

По материалу JAMnews

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі