Амбасадарка Брытаніі: Большасць "брытанскіх" інвестыцый у Беларусь – расійскія

03/05/2018 - 18:30

У Сусветны дзень свабоды друку мінскія журналісты сустрэліся з амбасадаркай Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёнай Гіб. Спадарыня Гіб адказала на тузін пытанняў: распавяла пра сваё стаўленне да смяротнага пакарання, акрэсліла перспектывы дыпламатычнага канфлікту з Расіяй, патлумачыла, адкуль узяліся сур’ёзныя брытанскя інвестыцыі ў Беларусь. І шмат іншага.

Ці мог бы Мінск стаць пасярэднікам паміж Лонданам і Масквой?

Мінск стаў пляцоўкай для перамоваў па "праблеме Данбаса", але Фіёна Гіб не лічыць мэтазгодным пачынаць у сталіцы Беларусі перамовы паміж Вялікабрытаніяй і Расіяй.

"Не думаю што ў гэтым пытанні мы будзем працаваць праз Мінск. Так, адносіны паміж Вялікабрытаніяй і Расіяй цяпер вельмі складаныя. Расія пастаянна дэманструе сваю непавагу да міжнароднага права. Умяшанне Расіі ў выбары іншых краін, незаконная анексія Крыма, умяшанне ў справы такіх рэгіёнаў, як Данбас, Нагорны Карабах, Паўднёвая Асеція і іншыя... Агрэсіўная кампанія па дэзінфармацыі праз СМІ, афіцыйныя заявы расійскага кіраўніцтва пра тое, што яны “разбяруцца са сваімі здраднікамі”, ну і самы апошні прыклад: выкарыстанне ваеннага хімічнага атрутнага рэчыва ўпершыню пасля Другой Сусветнай вайны.

Але ў нас няма праблем з расійскім народам. Нам вельмі няпроста далося рашэнне закрыць Брытанскі савет у Расіі, паколькі гэта ў першую чаргу ўдарыла па простых людзях. Спадзяюся, што Расія ўсё ж такі пачне з павагай ставіцца да міжнароднага права".

У пытанні смяротнага пакарання не трэба аглядацца на грамадскую думку

“У беларускім крымінальным кодэксе каля 13 артыкулаў, за якія можа быць прызначаная вышэйшая мера пакарання. Зніжэнне колькасці такіх артыкулаў было б добрым крокам, але наўрад ці нешта памяняюць.

Адмена смяротнага пакарання – важная частка парадку абмеркаванняў правоў чалавека ў Беларусі. І мы ўсяляк садзейнічаем таму, каб урад Беларусі аб'явіў мараторый на смяротнае пакаранне. Гэта быў бы першы крок да адмены.

Грамадскае меркаванне, як правіла, падтрымлівае пункт гледжання ўрада. У Вялікабрытаніі смяротнае пакаранне было адмененае яшчэ ў 1960-ыя. Аднак вынікі сацыялагічных апытанняў паказваюць, што грамадскасць пагадзілася з гэтым толькі дзесяць гадоў таму. Апошнім часам назіраецца скарачэнне людзей, якія падтрымліваюць смяротнае пакаранне, і паралельна адбываецца рост людзей, якія супраць”.

Ці вернецца ў Беларусь Брытанскі савет?

Брытанскі савет сышоў з Беларусі ў 2000 годзе. Адным з вынікаў “дыпламатычнай вайны”, якая разгарнулася паміж Вялікабрытаніяй і Расіяй, стала закрыццё Брытанскага савета ў Маскве. Можа, цяпер вызваляцца рэсурсы, і арганізацыя пажадае вярнуцца ў Беларусь?

"Я б з задавальненнем аднавіла працу Брытанскага савета ў Беларусі, як у 1990-ыя гады. Але гэта паўаўтаномная структура, МЗС не прымае рашэнні за яе. Сам Брытанскі савет павінен прыняць гэтае рашэнне. Калі наогул браць Усходнееўрапейскі рэгіён, дык прадстаўніцтва Брытанскага савета знаходзяцца ў Кіеве і Тбілісі. Але калі раптам высветліцца, што ў іх вызваляюцца сродкі ад закрыцця прадстаўніцтва ў Маскве, дык у гэтым выпадку яны могуць разгледзець магчымасць адкрыцця офіса дзе-небудзь яшчэ ў рэгіёне. Тым не менш, мы вядзем перамовы з кіеўскім офісам, і абмяркоўваецца стварэнне адмысловай праграмы па вывучэнні англійскай мовы пад эгідай Брытанскага савета. Хаця, вядома, гэта не тое ж самае, што і адкрыццё прадстаўніцтва".

Па статыстыцы, Вялікабрытанія на другім месцы па інвестыцыях у Беларусь. Хто гэтыя інвестары?

"Адразу скажу, што не буду аспрэчваць гэтую статыстыку. Хаця яна і сумніўная. Але вельмі часта кампаніі, што інвестуюць у Беларусь, аказваюцца расійскімі кампаніямі, якія адкрылі свой даччыны офіс у Вялікабрытаніі. Таму іх, па ідэі, нельга лічыць брытанскімі кампаніямі".

З сакавіка безвынікова спрабуем сустрэцца з Міністрам інфармацыі

"З сакавіка мы спрабуем атрымаць аўдыенцыю з міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам, каб абмеркаваць пытанні свабоды слова. Пакуль не атрымалася. Не магу пакуль каментаваць папраўкі ў закон “Аб СМІ” – я з імі недастаткова азнаёмленая.

Зразумела мы звярталі ўвагу на тое, што адбывалася 25 сакавіка ў мінулым годзе, калі затрымлівалі журналістаў. Затрыманні адбыліся і 25 сакавіка ў гэтым годзе. Журналісты вымушаныя рэгулярна выплачваць штрафы. На іх аказваецца ціск, каб яны не публікавалі пэўныя артыкулы. Мы выступаем за далейшую дэмакратызацыю, правядзенне рэформаў і стварэнне ўмоваў для працы незалежных і свабодных СМІ".

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі