Амаль кожны другі расіянін ставіцца да Сталіна з сімпатыяй

15/02/2017 - 05:28

Расійскі "Лявада-цэнтр" у студзені 2017 года правёў сацыялагічнае апытанне расіян пра іх стаўленне да гістарычных асобаў. Як інфармуе РБК, былі апытаныя 1600 паўналетніх расіян у 48 рэгіёнах краіны. Тройку ўлюбёных гістарычных лідараў у расіян займаюць Пуцін, Брэжнеў і Сталін.

З "захапленнем", "павагай" і "сімпатыяй" да "бацькі народаў" у студзені 2017-га ставіліся 46% апытаных. У такіх самых пачуццях да яго ў сакавіку 2016-га прызнаваліся толькі 37%. Такім чынам, любоў расіян да Іосіфа Сталіна зараз дасягнула свайго гістарычнага максімуму за 16 гадоў. Праўда, колькасць незадаволеных Сталіным таксама павялічылася — з 17% да 21%.

Сімпатыі да генсека ЦК КПСС Леаніда Брэжнева з сакавіка 2016-га выраслі ад 39% да 47%. Адмоўнае стаўленне да яго знізілася з 12% да 9%.

Аднак самы высокі рэйтынг у расіян мае цяперашні кіраўнік Уладзімір Пуцін — паказчык сімпатыяў да яго вырас з 76% да 83%. Антыпатыя ж знізілася з 8% да 5%.

У тройку самых нялюбых лідараў расіяне ўключылі Гарбачова, Ельцына і Хрушчова.

Негатыўна да Міхаіла Гарбачова ставяцца 46% (у сакавіку 2016-га было 36%). Але выраслі і сімпатыі да апошняга кіраўніка Савецкага Саюза — з 13% да 15%.

Больш пазітыўна сталі расіяне ацэньваць і Барыса Ельцына: сімпатыі да яго выраслі з 12 да 17%. Яго негатыўны рэйтынг пайшоў наніз — з 57% знізіўся да 48%.  

А вось пазітыўны рэйтынг Мікіты Хрушчова з мінулага года не змяніўся — 28%. Праўда, колькасць незадаволеных ім вырасла — з 15% да 17%.

Таксама сацыёлагі паведамілі, што расіяне сталі горш ставіцца да заснавальніка СССР Уладзіміра Леніна і генсека ЦК КПСС Юрыя Андропава.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі