Аляксандр Фядута: Я не бачу беларускага следу ў смерці Паўла Шарамета

20/07/2016 - 09:55

Аляксандр Фядута гаворыць, што Шарамет быў даволі ўплывовай фігурай ва Украіне і меў асабістыя знаёмствы з шэрагам віп-чыноўнікаў: "Павел быў вельмі ўплывовай фігурай у журналісцкай супольнасці Украіны, яго ведалі. Яму давалі каментары найвышэйшыя асобы краіны. Вядучыя палітыкі, дэпутаты і гэтак далей. Ён меў аўтарскія праграмы на радыё, вёў блогі на вядомых інтэрнэт-пляцоўках. У Паўла была добрая рэпутацыя і добры чытацкі рэйтынг. Я не ведаю, чаму так адбылося. Магчыма, спрабавалі забіць рэдактарку "Украінскай праўды" Алёну Прытулу. Выбух адбыўся менавіта ў яе машыне".

Разам з тым Шарамет не расказваў пра пагрозы ў свой адрас альбо нейкіх праблемах, звязаных з прафесійнай дзейнасцю. На думку Фядуты, беларускі след у замаху на Шарамета малаімаверны.

"Мне нічога не вядома аб пагрозах Паўлу праз яго прафесійную дзейнасць ва Украіне. Ці можа быць яго смерць звязанай з дзейнасцю ў Беларусі? Я не ведаю. Сёння рэйтынг "Беларускага партызана" ўжо не такі, як раней. Таму я не бачу беларускага следу. Расійскі? Цяжка сказаць. Я недастаткова добра ведаю, чым Павел займаўся апошнім часам", — расказвае Аляксандр Фядута.

"Для мяне гэта вялікая страта. Нягледзячы на тое, што мы доўгі час не размаўлялі, пасля падзей 2010 года нашы адносіны ўзнавіліся і былі вельмі добрымі", — дадае ён.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі