Алег Хаменка: Народная песня ў савецкім разуменні была псеўданацыянальнай

31/03/2017 - 16:16

4 красавіка ў гурта "Палац" важны дзень: яго лідару Алегу Хаменку спаўняецца 50 гадоў, а гурту ― 25! Адзначаць абедзве даты музыкі будуць у мінскім рэстаране "Друзья" вялікім канцэртам. Сам Хаменка ў студыі Еўрарадыё прызнаецца, што канцэрт чакаецца адначасова справаздачным і сяброўскім, хаця вельмі хочацца, каб ён быў падобным на шараговы, у сэнсе, без пафасу. Пра тое, чаму гурт звярнуўся да фолку, як удаецца захоўваць склад калектыву, што Алегу прыносіць найбольшую асалоду ў жыцці ― слухайце і чытайце далей.

“Можа, не так часта мыў бы галаву, калі б не сцэна”

Еўрарадыё: З якім настроем ты падыходзіш да свайго ўласнага юбілею?

Алег Хаменка: Настрой заклапочаны, такога моманту шчасця і ўрачыстасці пакуль што не адчуваю, але, спадзяюся, адчую падчас альбо пасля канцэрта і віншаванняў. А так, клопаты, ідэі, расчараванні і наадварот. Дзякуй Богу, жыццё віруе.

Еўрарадыё: Як паўплывалі 25 гадоў на сцэне на цябе асабіста?

Алег Хаменка: Не думаў на гэты конт... Можа, не так часта мыў бы галаву, калі б не сцэна (смяецца).

Еўрарадыё: Як так сталася, што "Палац кукурузных палачак" ператварыўся ў "Палац" беларускага фолк-мадэрну?

Алег Хаменка: Ну, мы папулярызавалі карэнны нацыянальны фальклор сродкамі абсалютна сучасных тэхналогій.

Еўрарадыё: А чаму менавіта гэтая ідэя? Як вы адчулі, што трэба рухацца менавіта ў гэтым кірунку?

Алег Хаменка: Гэта было абсалютна натуральным. Усе шукалі свае адметныя нацыянальныя рысы, замацоўвалі іх, распрацоўвалі і прапаноўвалі, прынамсі, у Еўропе гэта было ва ўсіх краінах. Мы зрабілі тое ж самае. Мне цікавыя шведы і в'етамцы не тым, як яны спяваюць "We will rock you", а тым, як яны спяваюць нешта сваё. Рабіць нешта расійскае ці замежнае ў Беларусі ― гэта другасна. А рабіць другаснае не хацелася.

“Мне здаецца, што за ўсе 25 гадоў мы ішлі даволі роўна”

Еўрарадыё: Вы імгненна сталі зоркамі. Не вылазілі з тэлевізара, фестывалі, аўтографы...

Алег Хаменка: Я не адчуваў гэтай папулярнасці. Сур'ёзна. Ну паказвалі, і што? Можа, і быў нейкі перыяд, калі людзі хацелі нечага зусім новага, краіна адраджалася, і ў сувязі з гэтым мы з'яўляліся ў СМІ. Але яно як прыйшло, так і сышло. Імгненна. Я скажу шчыра, мне здаецца, што за ўсе 25 гадоў мы ішлі даволі роўна. Не было нейкіх выбухаў. "О, мы вас бачылі!", ― кажуць адны. А праз чатыры гадзіны іншыя: "Нешта вас даўно не бачна!". Так яно адбывалася пастаянна.

Еўрарадыё: Але пачатак двухтысячных адзначыўся хваляй узнікнення шэрагу этна-гуртоў, нават N.R.M. заспяваў народныя песні. І "Палац" некалькі згубіўся ў гэтым суквецці.

Алег Хаменка: Не згубіўся. Але я быў вельмі рады, што з'яўляюцца гурты, якія маюць уласнае мысленне ў гэтым кірунку. Вядома, было б добра, калі б "народны" N.R.M. узнік крыху раней, акурат напрыканцы 80-х ― на пачатку 90-х.

Еўрарадыё: Што б гэта змяніла?

Алег Хаменка: У нас ужо у 2000-х была б не фолк-хваля, у нас была б індустрыя!

"Палац" у экспедыцыі: Алег Хаменка, Вераніка Круглова, Зміцер Вайцюшкевіч і Юрый Выдронак

“Тады мы, як жабракі, прыязджалі ў экспедыцыі, а цяпер ездзім па замове”

Еўрарадыё: Калі яшчэ раз вярнуцца ў часы ранняга "Палаца", вы бралі песні з экспедыцый ці радыёфондаў?

Алег Хаменка: Не. Хачу нагадаць, што нашы першыя песні былі і аўтарскімі і народнымі. Мы адразу прапанавалі такі падыход. Аўтарскімі былі "У полі вецер вые" і "Ой, рана-рана", а "Канюшня", "Долам" і "На вашым двары" ― народныя. То бок, мы адразу стваралі творы паводле беларускіх народных песень. Потым быў перыяд, калі народныя пераважалі ў нашых канцэртах. Але ў апошнім альбоме сярод дзесяці твораў сапраўды фальклорныя толькі тры.

Еўрарадыё: Але ў фальклорныя экспедыцыі вы таксама ездзілі...

Алег Хаменка: І цяпер бываем. Але гэта не такія экспедыцыі, якія мы рабілі па маладосці. Бо тады мы ехалі, па-сутнасці, куды вочы глядзяць. Абіралі цікавыя назвы мясцін, чыталі ў анталогіі беларускага фальклору пра нейкія вёскі, напрыклад, гэтае месца вайна закранула, а гэтае ўжо не, а вось тут жывуць стараверы... Вось так разглядалі, і проста прыязджалі, маўляў, чулі, што ў вас тут добра спяваюць, а мы, насамрэч, і не ведалі. А нам кажуць, не, у суседняй. Цяпер гэта прыкладна так выглядае: "Алег, там бабуля ёсць пры добрай памяці, ведае некалькі песень, заедзь і запішы. І я еду за адным-двума творамі да канкрэтнага чалавека па дамоўленасці. Тады мы, як жабракі жабравалі, а цяпер прыязджаем па замове.

"Няма музыкі танцавальнай, якую можна танчыць гуртам, кожны танчыць пад яе нібыта сам па сабе"

Еўрарадыё:  У пэўны час "Палац" разгалінаваўся: быў "жывы" гурт і электронны, "Палац танчыць". Для чаго гэта спатрэбілася?

Алег Хаменка: Лічылася, што пад нашы першыя альбомы можна было танцаваць, яны былі вясёлыя, а потым беларускай музыкі на танцполе практычна не стала. Мы і самі адчувалі, што гэта патрэбна. Наш музыка Андрэй Хвісевіч, Рэй, паглядзеў мае прапановы, паспрабаваў сам, параіліся, і зрабілі праект "Палац танчыць". Выпусцілі альбом. Ён па выдатках быў зусім недарагі, але я вельмі ганаруся працай, якую зрабіў Андрэй. Музыка актуальная да сённяшняга часу, а зробленая на пачатку 2000-х! Дагэтуль яго пампуюць расіяне на торэнтах і пішуць каменты, маўляў, гэтага не магло быць у Беларусі ў 2000-х, гэта, напэўна, 2010-ты. Там усе гукі простыя, але зроблена якасна.

Еўрарадыё: Чаму тады спынілі праект "Палац танчыць"?

Алег Хаменка: Мы не спынілі. Час ад часу выпускалі электронныя сінглы. Цяпер, мне здаецца, намацалі яшчэ адзін "клубны" варыянт. Тут справа ў тым, што сучасная клубная музыка патрабуе касмічнага, асабістага палёту. Няма музыкі танцавальнай, якую можна танчыць гуртам, кожны танчыць пад яе нібыта сам па сабе. І мне падаецца, што цяпер ёсць знаходкі ў еўрапейскай клубнай музыцы, калі вяртаецца асэнсаванне акустычнай музыкі ў танцавальным варыянце. Верагодна, з гэтага вырасце і новы альбом "Палаца".

Еўрарадыё: Чым цяпер, апроч пошуку тэхналогій, займаецца "Палац"?

Алег Хаменка: Думаю наконт таго, у якім фармаце можна будзе сцэнічна прадставіць казку "Салдат-доктар". Мы яе запісалі і выдалі, але патрэбная яе папулярызацыя. Гэта будзе сур'ёзная тэатральная пастаноўка, за якую не супраць узяцца рэжысёр Сяргей Кавальчык і сцэнарыст Андрэй Курэйчык. Да таго ж, у Мінску рыхтуецца Траецкі фэст. Летась мы правялі яго ў тэставым фармаце. Сёлета ён будзе праходзіць адразу на цэлым шэрагу невялічкіх пляцовак, дзе будзе прадстаўлены фолк у адвольным фармаце. Па ідэі, гэта мусіць быць грамадскае святкаванне хрысціянскага свята, свята вельмі важнага для станаўлення нацыянальнага мыслення.

"Палац" сярэдзіны 10-х

Еўрарадыё: "Палац" ці не адзіны беларускі гурт, у якім за апошнія 15 гадоў змяніўся толькі бубнач...

Алег Хаменка: Ну, мы адразу падзяліліся на "Палац" і KRIWI: шэсць чалавек разышліся ў дзве каманды. Падзяліліся па прынцыпе “жанатыя” і “нежанатыя”, якія потым мелі шмат жонак і шмат мужыкоў ― у нас была розная сацыяльная хуткасць. А потым да асноўнага гурта далучаліся музыкі, якія пачыналі працаваць на два-тры праекты. У апошні час, дык сапраўды толькі бубнач сышоў. Насамрэч, нам у сваім яечку камфортна, у тым сэнсе, што мы адзін аднаго добра разумеем, даруем адзін аднаму. Калі хтосьці нейкую шкоду зробіць, павініцца, і ўсё.

Еўрарадыё: Што змянілася ў нашым разуменні фальклору пасля таго, як вы ў тым ліку яго папулярызавалі?

Алег Хаменка: Змянілася стаўленне. Народная песня ў савецкім разуменні была псеўданацыянальнай альбо наднацыянальнай ― яна мусіла падабацца і туркмену і эстонцу. Яна стваралася акадэмічнымі музыкамі з усімі наваротамі, але яна была такой штучнай, што моладзь майго пакалення і пазнейшага яе не тое што не слухала, да яе было рэальна грэблівае стаўленне. Цяпер народная песня пераходзіць у разуменне фолку, змянілася стаўленне да цэлай з'явы. Зразумела, гэта не мы зрабілі, гэта агульны набытак.

Еўрарадыё: А нешта засталося нявывучанае?

Алег Хаменка: Усё! Робіш крок наперад, а далягляд пасунуўся і стаў большым.

Еўрарадыё: Ты спяваеш, выкладаеш, што табе прыносіць найбольшае задавальненне ў жыцці?

Алег Хаменка: Калі ты цяжарны нейкай ідэяй, раптам яна трапляе ў нейкае сугучча, якое ты знаходзіш на камп'ютары ці інструменце, і ты адуваеш: "Ой, ой, вось гэта!". Потым, вядома, з гэтай цаглінкі можа нічога і не атрымацца, але гэты момант: "Знайшоў!", калі ствараеш тое, што ніхто не чуў, і яно табе гэтак падабаецца ― надзвычайная асалода!

"Палац" у 90-х Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі