Акупацыя Беларусі будзе ўзмацняцца: пагроза для Украіны можа стаць пастаяннай

30/03/2022 - 10:24
Беларусь дазваляе Расіі бамбіць Украіну са сваёй тэрыторыі / Мінабароны Беларусі

Беларускія партызаны перашкаджаюць расійскім войскам прасоўвацца ва Украіне. У тым ліку гэта стымулюе Расію ўзмацняць акупацыю Беларусі. Аднак, калі Пуцін скарыстаецца сваім дамінантным становішчам і запатрабуе ад Лукашэнкі ўвесці войскі ва Украіну, у Беларусі можа адкрыцца яшчэ адзін фронт супраціву Расіі. На яго задушэнне сіл няма.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, як статус акупаванай тэрыторыі выратуе Беларусь у будучыні, чаму рэжыму Лукашэнкі канец, калі яму давядзецца ўвесці войскі ва Украіну, і якая роля Беларусі ў рэгіёне.
 

Статус акупаванай тэрыторыі выратуе гісторыю Беларусі

Беларусь — акупаваная тэрыторыя, і варта дамагацца прызнання гэтага статусу на міжнародным узроўні, лічаць гісторык Аляксандр Фрыдман і медыяэксперт, палітычны аглядальнік Серж Харытонаў.

Расійскія войскі і вайсковая тэхніка з'явіліся ў Беларусі пад выглядам вучэнняў / Мінабароны Беларусі

Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі прысутнічаюць на тэрыторыі Беларусі па запрашэнні чалавека, які не ёсць легальным і легітымным кіраўніком дзяржавы. Роўна ў той жа ступені ўсе перамяшчэнні ўсіх родаў войскаў не ёсць законнымі, калі яны зроблены па запрашэнні падначаленых такога чалавека, — кажа Серж Харытонаў.

Суразмоўнік параўноўвае становішча Беларусі са станам краін Балтыі з 1940-га да 1991 года, калі яны незаконна былі ўключаны ў склад Савецкага Саюза, а на іх тэрыторыі з'явіўся ваенны кантынгент СССР.

Да 1991 года яны прызнаваліся, прынамсі ЗША, акупаванымі ў рамках дактрыны Стымсана. Ёсць імавернасць, што ЗША, а ўслед за імі і іх хаўруснікі прызнаюць Беларусь акупаванай тэрыторыяй. Калі гэта адбудзецца, на Беларусь не будуць распаўсюджвацца патрабаванні рэпарацый. Таксама рэжым Аляксандра Лукашэнкі не будзе мець прадстаўніцтва ў міжнародных арганізацыях. У першую чаргу ў структурах ААН і АБСЕ.

Акрамя гэтага, ёсць яшчэ гістарычны аспект. І гэта важней, чым грошы, якія Беларусі, магчыма, давядзецца выплачваць Украіне, адзначае Аляксандр Фрыдман.

Калі дэмакратычныя краіны прызнаюць Беларусь як краіну, якая знаходзіцца пад акупацыяй, гістарычная ацэнка ролі Беларусі ў гэтай злачыннай вайне будзе іншая. Не на адной прыступцы з Расіяй.
 

"Дэмакратычнай Беларусі застаецца спадзявацца на перамогу Украіны"

 

Скульптура "Радзіма-маці" ў Кіеве / petition.kievcity.gov.ua

Аляксандр Фрыдман адзначае, што ў заходніх краін ёсць разуменне, што вайна ва Украіне не вайна беларусаў. Акрамя таго, ад саміх беларусаў мала што залежыць.

Мы не ўяўляем, у якой ступені Лукашэнка і ягонае асяроддзе кантралююць сітуацыю ў краіне. Нельга выключаць, што Лукашэнка ўжо нічога не кантралюе. На жаль, і людзі ў Беларусі ў сілу і прысутнасці расійскіх войскаў, і рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі практычна ні на што паўплываць не могуць.

Мы знаходзімся ў вельмі непрыемнай сітуацыі, калі лёс Беларусі шмат у чым залежыць ад канца вайны, але ўжо не вырашаецца самімі беларусамі. Гэта трагедыя. І ў гэтай трагедыі тым, хто бачыць будучыню Беларусі свабоднай і дэмакратычнай, застаецца спадзявацца на перамогу Украіны.

Калі Украіна выстаіць, то ў дэмакратычнай Беларусі з'явіцца шанц на будучыню. Калі не, жалезная заслона зачыніцца і на беларускай мяжы ўслед за расійскай.

Пакуль самага страшнага для Беларусі не адбылося. Гэта здарыцца, калі беларускія войскі ўвойдуць ва Украіну, мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Беларускіх вайскоўцаў не павінна быць ва Украіне / Мінабароны Беларусі

Галоўнае, што я шукаю раніцамі ў навінах, — увайшлі або не ўвайшлі беларускія войскі ва Украіну. Гэта будзе велізарная гістарычная катастрофа, не кажучы пра тое, што людзі загінуць.

Беларускіх войскаў няма ва Украіне з адной простай прычыны — Расія яшчэ не палічыла патрэбным іх туды адправіць. Цалкам магчыма, што ўкраінскае войска пойдзе ў контратаку. У такой сітуацыі могуць быць кінутыя апошнія рэзервы. І гэта беларускае войска.

У выпадку, калі ўсё пойдзе па самым дрэнным сцэнары і Лукашэнка будзе вымушаны адправіць войскі ва Украіну, гэта стане канцом яго сістэмы, лічыць эксперт.

Уся актыўнасць на знешнепалітычным фронце, выкрыванне шпіёнаў і іншае паказваюць, што Лукашэнка дэманструе дзейнасць, каб яго толькі не прымусілі адправіць войскі ва Украіну.

Падстаў думаць, што беларускія войскі ў лепшым стане, чым расійскія, няма. Акрамя таго, невядома, як павядуць сябе беларускія салдаты.

Можа быць, яны пяройдуць на ўкраінскі бок альбо будуць масава здавацца. А калі ў Мінску мільён чалавек выйдуць на вуліцы, калі ўбачаць, што пайшлі цынкавыя труны з Украіны? Плюс яшчэ эканамічная сітуацыя. Беларусам становіцца губляць усё менш і менш. У Беларусі няма шалёнага патрыятычнага чаду, як у Расіі.

 

Увод беларускага войска ва Украіну можа стаць падставай для пратэстаў / Еўрарадыё

Мяркуючы па тым, як Расія загразла ва Украіне, з дадатковым фронтам у выглядзе беларусаў, якія пратэстуюць, рэжыму Лукашэнкі і войску Пуціна не справіцца, адзначае Аляксандр Фрыдман.
 

Акупацыя будзе ўзмацняцца

У Беларусі адбываецца нашмат больш, чым можа здацца на першы погляд, упэўнены Серж Харытонаў.

Я бачу вельмі шмат публікацый апошнім часам у амерыканскіх медыя адносна беларускага партызанскага руху, дыверсій на чыгунцы. І пра рэакцыю на гэтыя дзеянні рэжыму Лукашэнкі і Расійскай Федэрацыі, якая спрабуе сіламі ўласнай контрразведкі прадухіліць перадачу інфармацыі на Захад і прадухіліць новыя дыверсіі, якія наносяць сур'ёзную шкоду прасоўванню расійскага войска.

Гэта праблема для Расіі, якая не можа быць развязаная без увядзення зон частковай акупацыі і яе ўзмацнення, кажа эксперт. Нешта падобнае ўжо ёсць на поўдні Беларусі, адкуль ляцяць ракеты ва Украіну.

Галоўнае, каб украінскае кіраўніцтва пры вядзенні перамоў пра будучыню рэгіёна абавязкова ўлічвала той факт, што, пакуль расійскае войска застаецца ў Беларусі, Украіна будзе пад пагрозай новага нападу. Таму вывад расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі павінен быць адным з прыярытэтных пунктаў у любых дамовах, якія ўкраінскі ўрад будзе падпісваць з Расійскай Федэрацыяй. Або любых патрабаваннях, якія будзе вылучаць Захад у дачыненні да расійскай прысутнасці ва Усходняй Еўропе, — кажа на заканчэнне Серж Харытонаў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі