Актывісты дамагліся скасавання дамовы на арэнду часткі ракі Мухавец

12/11/2015 - 16:03

Больш за год цягнулася кампанія па вяртанні ракі мясцовым жыхарам.

Еўрарадыё распавядала пра тое, што частку ракі Мухавец Брэсцкі райвыканкам здаў у 2014-м годзе ў арэнду на 5 гадоў прадпрыемству "Белэлектрабудмантаж". Арандаваны ўчастак цягнуўся ад вёскі Чырвоны Двор да мяжы з Жабінкаўскім раёнам.

Брэсцкія сацыял-дэмакраты тады абвясцілі доўгатэрміновую кампанію па вяртанні ўчастка ракі ў агульнадаступнае карыстанне. Паводле Канстытуцыі Беларусі, натуральныя прыродныя аб'екты з'яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, таму яны не могуць быць прадметам арэнды. Актывісты патрабавалі, каб участак ракі вярнулі сапраўдным гаспадарам — народу Беларусі.

Распавядае кіраўнік абласной арганізацыі БСДП "Грамада" Ігар Маслоўскі:

Калі здаецца ў арэнду прыродны водны аб’ект, гэта заўсёды прыводзіць да канфліктаў з мясцовым насельніцтвам. Гэта, безумоўна, несправядліва, калі адзін чалавек валодае прыродным водным аб’ектам, які ствараўся на працягу тысяч ці, можа, нават мільёнаў гадоў. Несправядліва, калі там ловіць рыбу адзін чалавек і ўсталёўвае свае правілы і парадкі для мясцовых жыхароў”.

Актывісты праводзілі збор подпісаў сярод мясцовых жыхароў. Таксама накіроўвалі звароты ў кантрольныя і праваахоўныя органы, каб была праведзеная праверка законнасці дзеянняў улады.

У рэшце рэшт у 2015-м годзе дамова арэнды ўчастка ракі Мухавец з Таварыствам з Абмежаванай Адказнасцю “Белэлектрабудмантаж” была скасаваная. Цяпер доступ да ракі, як і раней, маюць простыя грамадзяне.

Аднак, па словах Ігара Маслоўскага, за перыяд, што частка ракі знаходзілася ў карыстанні прадпрыемства, прамысловая лоўля значна паменшыла папуляцыю мясцовай іхтыяфауны:

Па нашых назіраннях і назіраннях рыбакоў, на гэтым участку ракі зніклі рыбіны сярэдніх і буйных памераў: лешч, судак, шчупак і нават сом. Фактычна гэты ўчастак ракі апусцеў за год. Аднак ніхто гэты ўчастак не зарыбляў і не займаўся ўзнаўленнем рыбных рэсурсаў”.

Каб не дапусціць падобнага ў будучыні, актывісты звярнуліся да ўсіх раённых прадстаўнічых і выканаўчых органаў улады на тэрыторыі вобласці.

Мы прапаноўваем не забараняць, але рухацца такім дэмакратычным шляхам: усе мясцовыя праблемы можна вырашаць праз грамадскія слуханні ці, напрыклад, праз мясцовы рэферэндум. На жаль, грамадскія слуханні, якімі б яны не былі, нічым не замацаваныя. Нават калі сто адсоткаў людзей выкажуцца за ці супраць, улады могуць зрабіць наадварот. А вось мясцовы рэферэндум абавязковы для выканання мясцовымі органамі ўлады”, — тлумачыць Ігар Маслоўскі.

У той жа час, сацыял-дэмакраты лічаць, што трэба толькі заахвочваць ініцыятыву вядзення рыбалоўнай гаспадаркі для прамысловай лоўлi рыбы, але ў штучных вадаёмах вобласці: у адпаведных сажалках, кар'ерах і каналах.

Фота: wikipedia.org

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі