Акцызы вырастуць, але Мінфін не чакае рэзкага росту цэн на цыгарэты

31/01/2019 - 08:15

Мінфін Беларусі не чакае рэзкага росту цэн на цыгарэты, нягледзячы на тое, што Беларусь і іншыя краіны ЕАЭС дамовіліся падняць акцызы на тытунёвыя вырабы. У той жа час, у ведамстве дапускаюць, што нават павольны рост цэн, ухвалены 27 лістапада 2018 года на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, вымусіць беларусаў набываць менш цыгарэт.

Што праўда, у Міністэрстве фінансаў не бачаць у гэтым праблемы. Маўляў, павышэнне акцызаў расцягнецца на пяць гадоў, а прадугледжаны механізм адхіленняў у 20% згладзіць негатыўныя наступствы, выкліканыя асаблівасцямі беларускай эканомікі.

"Паводле папярэдняй ацэнкі зацікаўленых дзяржаўных органаў, прыняцце Пагаднення [аб прынцыпах вядзення падатковай палітыкі ў галіне акцызаў на тытунёвую прадукцыю дзяржаў-удзельніц ЕАЭС] не прывядзе да дэстабілізацыі тытунёвага рынку і страт даходаў бюджэту. У прыватнасці, магчымае зніжэнне аб'ёмаў рэалізацыі тытунёвых вырабаў для бюджэту будзе кампенсавацца ростам ставак акцызаў на іх", — сцвярджаюць у Мінфіне.

Беларускім вытворцам цыгарэт “магчымае зніжэнне аб'ёмаў рэалізацыі тытунёвых вырабаў” вельмі не падабаецца. У прыватнасці, яны бачаць у гэтым прастору для развіцця чорнага рынку тытунёвых вырабаў.

"Беларусь ужо праходзіла гісторыю з аднолькавымі акцызамі на пачатку 2000-х. У той час прыкладна траціна рынку тытунёвых вырабаў была нелегальнай. То бок, гэта была кантрабанда, кантрафакт, — распавядае Еўрарадыё Дзмітрый Чугай, памочнік генеральнага дырэктара гродзенскай тытунёвай фабрыкі "Нёман". — Тады ж пачала выбудоўвацца падатковая палітыка, якая змагла абараніць нашу тытунёвую прамысловасць. І пакуль яшчэ мы яе прытрымліваемся. Калі стаўкі акцызаў выраўноўваюцца, то на падставе мінулага досведу можна з вялікай доляй упэўненасці сцвярджаць, што нелегальны гандаль пачне зноў квітнець ў Беларусі. Гэта адмоўна паўплывае на канчатковага спажыўца ў тым ліку”.

Павышэнне акцызаў на тытунёвыя вырабы ў межах ЕАЭС будзе канчаткова ўзгодненае 1 лютага. У 2024 годзе ў эканамічным саюзе ўводзіцца індыкатыўны акцыз — 35 еўра за 1000 цыгарэт. Нават з улікам таго, што дамоўленасці дапускаюць адхіленне ў 20% у меншы бок, акцызы на тытунёвыя вырабы істотна вырастуць у параўнанні з тымі, што дзейнічаюць у Беларусі сёння.

ria.ru

Сёння ў Беларусі існуюць тры цэнавыя групы цыгарэт: першая, самая танная, — да 2 рублёў за пачак, другая — ад 2 да 2 рублёў 80 капеек за пачак, і трэцяя група — ад 2 рублёў 80 капеек. З 1 студзеня 2019 года ўстаноўленыя наступныя акцызы: 20 рублёў 71 капейка за 1000 цыгарэт па першай групе, 52 рублі 21 капейка па другой і 59 рублёў 86 капеек па трэцяй.

Еўрарадыё нагадвае, што паленне можа з’яўляцца прычынай рака горла, імпатэнцыі, пакутніцкай смерці, парадантозу і іншых жахаў, пра якія напісана на пачках цыгарэт.


 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі