Аграсядзіба, яхта і шына за $2400: што можна купіць у беларускіх банкаў

25/09/2019 - 08:29

На сайце амаль кожнага банка ў Беларусі можна знайсці раздзел "Маёмасць, якая рэалізуецца". Гэта ўласнасць, якая дасталася банкам ад даўжнікоў. Хтосьці не можа разлічыцца па крэдыце, і закладная маёмасць пераходзіць у распараджэнне банкаў. А тыя імкнуцца як мага хутчэй пазбавіцца ад яе.

Еўрарадыё сабрала ў гэтых бясконцых спісах лоты з самай цікавай гісторыяй.

 

Завод "Мотавела"

 

Нерухомасць завода "Мотавела", які так і не змог паўстаць з попелу, цяпер належыць Белгазпрамбанку. Гэта некалькі адміністрацыйных і вытворчых будынкаў на тэрыторыі 275 тысяч квадратных метраў непадалёк ад цэнтра Мінска. Цана пакуль невядомая, прадаваць іх будуць з аўкцыёну. Таргі прызначаныя на 17 кастрычніка.
 

Аграсядзіба з цыркавымі коньмі

Аграсядзібу "Наносы" на возеры Нарач прапануе набыць Банк БелВЭБ. У этнакультурны турыстычны комплекс уваходзяць: 12 гасцявых дамоў, дом-музей, гаспадарчыя пабудовы і збудаванні, ветраныя і вадзяныя млыны, штучныя вадаёмы, водная тэхніка, квадрацыклы і нават... жывёлы.

Як паведамілі Еўрарадыё ў банку, на тэрыторыі комплексу знаходзіцца стайня і ўтрымліваецца каля 10 коней:

"Гэта — старыя коні, якіх спісалі з цырка. Іх выкарыстоўваюць на тэрыторыі аграсядзібы, каб, напрыклад, пакатаць дзяцей".

Цана пытання — 4,9 мільёна рублёў.

За продажам комплексу стаіць трагічная гісторыя: яго гаспадар, саўладальнік "Пятага элемента" Яўген Новасялецкі загінуў у аварыі на пачатку 2019 года. Смяротнае ДТЗ адбылося на трасе ў Вілейскім раёне з-за таго, што на дарогу выбег лось. Уварочваючыся ад сутыкнення, кіроўца вылецеў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў аўтамабіль Новасялецкага.

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, пасля смерці бізнесмена "Наносамі" стала няма каму займацца. Цяпер яго продажам займаецца Банк БелВЭБ, у якога крэдытаваўся Яўген Новасялецкі.

 

Катар "Меланія"

Белаграпрамбанк дае магчымасць дакрануцца да прыгожага жыцця — стаць уладальнікам яхты. У Мінскім раёне прадаецца маторны катар Sea Ray 335 з надпісам Melania на борце.

У Беларусь Melania прыбыла з ЗША. Пра кошт цёзкі амерыканскай першай лэдзі Еўрарадыё паведамілі ў аддзеле па рабоце з праблемнай запазычанасцю рэгіянальнай дырэкцыі банка па Мінскай вобласці:

"Нядаўна скінулі цану: прыкладна 70 тысяч долараў. Ну, яшчэ адмінусоўвайце 10% ад 70 тысяч (атрымліваецца 63 тысячы долараў. — Еўрарадыё). Ёсць праблема з адным з рухавікоў, але трэба ўсё глядзець ужо на месцы", — расказаў Еўрарадыё спецыяліст аддзела.

У Харватыі такі ж катар з двума рухавікамі, якія працуюць, прадаецца за 60 тысяч еўра.

Раней Sea Ray 335 быў ва ўласнасці ЗАТ "Гандлёвы Свет "Кальцо" (былы рынак "Малінаўка").

Уладаром "Кальца" з'яўляўся бізнесмен Юрый Авяр'янаў, які пераехаў з Беларусі, баючыся крымінальнага пераследу. Мужчыну абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў і невыкананні сваіх крэдытных абавязацельстваў перад банкамі. У пачатку 2018 года прадпрымальніка затрымалі ў Берліне і ўзялі пад варту для далейшай экстрадыцыі ў Беларусь. Аднак, паводле інфармацыі Еўрарадыё, гэтага да цяперашняга часу не адбылося.

"Меланію" можна знайсці і на сайтах з аб'явамі. Па адным з тэлефонаў нам паведамілі, што лодка належала прыватнай асобе, у якой банк забраў яе за неаддадзеныя крэдыты.

 

Адна шына

Шыну ў колькасці адной штукі таксама прадае Белаграпрамбанк. Буйнагабарытная гума прызначана для кар'ерных самазвалаў і каштуе... 4800 рублёў!

З апісання вынікае, што яе ўладальнік — крэдытаатрымальнік банка. Штосьці ў яго пайшло не так з вяртаннем пазыкі, раз банк адабраў апошнюю шыну.

 

Браніраваныя аўтамабілі

Белаграпрамбанк распрадае і ўласную маёмасць. Напрыклад, спісаныя інкасатарскія аўтамабілі. Браніраваны Volkswagen Тransporter у "грамадзянскай" размалёўцы каштуе 11 500 рублёў. Ідэальны варыянт для тых, хто рыхтуецца да зомбі-апакаліпсісу і/або інтэграцыі з Расіяй.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі