Ад мяккіх намёкаў да жорсткай крытыкі: пазіцыя Расіі па Беларусі зноў мяняецца

03/11/2020 - 10:49
Уладзімір Салаўёў падчас разваг пра Аляксандра Лукашэнку / Соловьев.Live

Афіцыйная Масква падтрымала Аляксандра Лукашэнку не адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў. У сярэдзіне жніўня расійская прапаганда дазваляла сабе жорсткія заўвагі на адрас беларускіх уладаў. І цяжка ўявіць, што Маргарыта Сіманьян і Уладзімір Салаўёў выказваліся без разумення "лініі партыі".

Потым пачаўся кароткі перыяд "сяброўства". У Беларусь прыехалі тэлевізійнікі з RT, якім кіруе Сіманьян. Лукашэнка пагаварыў з Пуціным і нават злётаў да яго ў Сочы, а потым даў інтэрв'ю чатыром крамлёўскім прапагандыстам.

А цяпер медыйны фон зноў змяніўся. Пракрамлёўскія СМІ зноў дазваляюць сабе крытыку на адрас афіцыйнага Мінска. І адбываецца гэта неўзабаве пасля некалькіх акуратных намёкаў Крамля. Разбіраемся ў храналогіі.

"Лукашэнка павінен зразумець"

У сярэдзіне кастрычніка, ужо пасля таго, як Лукашэнка сустрэўся з палітвязнямі ў СІЗА КДБ, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль "вітае" дыялог. Праз некалькі дзён кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў дазволіў сабе некалькі цікавых рэплік.

"Можа быць, гэтыя рашэнні ляжаць на шляху прыняцця паправак у дзейную Канстытуцыю альбо прыняцця новай Канстытуцыі".

Уладзімір Пуцін

Праз дзень Пяскоў сказаў, што галоўнае для Расіі — не Лукашэнка, а "адносіны з братнім для нас беларускім народам".

Пасля гэтага крамлёўскія медыя ўзялі паўзу ў асвятленні падзей у Беларусі. Іх прарвала ў мінулыя выхадныя, калі ў прамовах Лукашэнкі зноў прагучала слова "шматвектарнасць". Крэмль гэта не каментаваў, затое выказаўся Аляксей Пушкоў — чалавек, даўно інтэграваны ў вярхі расійскай эліты:

"Лукашэнка злёгку супакоіўся, падбадзёрыўся — і зноў загаварыў пра "шматвектарнасць". Нічога не зробіш — любімая ідэя. Як ён збіраецца яе праводзіць з Еўропай, якая адвярнулася ад яго, з Захадам у цэлым, застаецца не зусім зразумелым. Менавіта празаходнія актывісты — яго галоўныя праціўнікі ў краіне".

Пасля гэтага адразу некалькі разоў негатыўна выказаўся Уладзімір Салаўёў. У суботу ён заклікаў забяспечваць беларускім зняволеным чалавечыя ўмовы. У нядзелю сказаў, што "занепакоены" тым, што канстытуцыйная рэформа не прасоўваецца. У той жа перадачы рэжысёр Карэн Шахназараў заявіў пра неабходнасць (!) вызвалення палітвязняў і правядзення новых выбараў, падтрымаў гэта і Салаўёў. Асобна яны "прайшліся" па шматвектарнасці, а таксама заклікалі Расію да "больш прынцыповай пазіцыі".

"У Маскве пахаваліся і плявузгаюць"

Лукашэнка не адзін месяц крытыкаваў расійскія тэлеграм-каналы, але пасля жніўня гэту тэму не закранаў. Пэўны час пасля выбараў і самі ТГ-каналы, а асабліва тыя, якія могуць быць звязаныя з "вежамі Крамля", захоўвалі нейтралітэт. Але 20 кастрычніка (неўзабаве пасля першага ўльтыматуму ад Зейналавай) у расійскім "Тэлеграме" ўспомнілі пра Лукашэнку.

"У Крамлі незадаволеныя Лукашэнкам, які зацягвае агавораныя працэсы і літаральна "дурыць галаву" маскоўскім партнёрам з моманту "ціхай інаўгурацыі",напісаў канал "Одет аккуратно. Борода черная", гэты допіс рэпоснуў "Незыгарь".

На наступны дзень допісы ў духу "Лукашэнка зноў падмануў Маскву" былі апублікаваныя ў "Незыгаре" і ў "Тайной канцелярии". Тэму актыўна развівалі і іншыя каналы, вядомыя перыядычнымі "інсайдамі" з Крамля.

У некаторых допісах крытыкуюць Крэмль за нерашучасць. Прыклад — допіс "Незыгаря" ад 2 лістапада:

"Бесперапыннае з 9 жніўня пратэставае напружанне фармуе дакладны запыт з боку большасці беларускага грамадства на выразную пазіцыю Расіі".

Цікавасць да "беларускай тэмы" ў расійскіх тэлеграм-каналах прыкметна вырасла ў другой палове кастрычніка. Як і ў выпадку з тэлеканаламі, гэта супала са з'яўленнем асцярожных намёкаў з боку афіцыйнай Масквы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі